— Я размаўляў з Анджэем Пачобутам, які пацвердзіў, што перасек мяжу з Беларуссю, — сказаў ягоны сябар Барташ Вяліньскі (Bartosz Wieliński).
Журналіст выдання «Gazeta Wyborcza» падкрэсліў, што цяперашні візіт польскага актывіста ў Беларусь у першую чаргу мае прыватны характар.
Паводле яго, Анджэй Пачобут застанецца ў Беларусі каля тыдня, бо пазней у яго запланаваныя візіты ў ЗША і Канаду.
— Ён едзе толькі на тыдзень, у прыватнасці, наведаць бацьку, знаёмыя мясціны, калегаў з СПБ. Гэта прыватнае, а не палітычнае падарожжа. Пазней у яго запланаваныя візіты ў Канаду і ЗША, таму ён падарожнічае з амерыканскай візай у пашпарце, — заявіў Вяліньскі.
Ён адзначыў, што ў Анджэя Пачобута былі асцярогі наконт гэтага візіту, але ён вырашыў паехаць у Беларусь, бо яго запэўнілі, што зможа вярнуцца.
— Ён едзе з трывогай, але рэалістычна мяркуе, што рэжыму не выгадна цяпер крыўдзіць яго. Маўляў, калі б яго хацелі забіць, то зрабілі б гэта даўно. Акрамя таго, яму паабяцалі — яго вызвалілі з турмы, далі пашпарт, загадалі перасячы мяжу і сказалі, што адміністрацыя Лукашэнкі абяцала, што ён можа вярнуцца ў Беларусь. У адпаведнасці з гэтым, ён вяртаецца на нейкі час, — кажа Барташ Вяліньскі.
Анджэй Пачобут быў вызвалены з беларускай з турмы пасля больш чым пяці гадоў пазбаўлення волі. Адразу пасля вызвалення ён падкрэсліў, што абавязкова вернецца ў Беларусь, але перад вяртаннем хацеў бы пераканацца, што на гэта дазволіць ягонае здароўе.
Ён таксама заявіў, што вернецца ў Беларусь у верасні.
Сам Анджэй Пачобут пакуль не каментуе сваёй паездкі ў Беларусь. На ягонай старонцы ў «Facebook» быў апублікаваны толькі здымак, падпісаны: «На рацэ Нёман».
IAR/аз