Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі абавязала аўтамабільных пасажырскіх перавозчыкаў перадаваць дзяржаве звесткі пра людзей, якія выязджаюць за межы краіны. Новая норма пачне дзейнічаць з 1 кастрычніка 2027 года.
Як паведамляе «Радыё Свабода», інфармацыю будуць перадаваць у адзіную дзяржаўную інфармацыйную сістэму продажу праязных дакументаў.
Перавозчыкі павінны будуць падаваць персанальныя звесткі пасажыраў, іх грамадзянства, а таксама назву, нумар і тэрмін дзеяння дакумента, на падставе якога набываўся білет.
Інфармацыя будзе даступная органам памежнай службы і іншым дзяржаўным структурам, якія займаюцца аператыўна-вышуковай дзейнасцю. Раней такія звесткі ўжо перадавалі авіяцыйныя і чыгуначныя перавозчыкі.
Новаўвядзенне набывае асаблівую вагу на фоне сістэматычнага пераследу беларусаў, якія вяртаюцца з-за мяжы. Праваабаронцы паведамляюць пра праверкі на мяжы, агляд тэлефонаў і допыты, а таксама пра выпадкі, калі сілавікі прыходзяць да людзей ужо пасля вяртання — дадому або на працу.
эж