Вызваленне сотняў палітвязняў у выніку перамоваў паміж Мінскам і Вашынгтонам не азначае змены самой сістэмы рэпрэсій у Беларусі. Пра гэта ў інтэрв'ю Reuters заявіў лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру, старшыня праваабарончага цэнтра «Вясна», былы палітвязень Алесь Бяляцкі.
Праваабаронца, які сам правёў у беларускай турме чатыры з паловай гады, быў вызвалены ў снежні 2025 года і высланы з краіны. Яго вызваленне стала часткай дамоўленасцяў, у дасягненні якіх удзельнічаў спецыяльны пасланнік прэзідэнта ЗША па Беларусі Джон Коўл.
Амерыканскі бок разлічвае працягнуць перамовы. Джон Коўл заявіў, што падчас запланаванага на верасень візіту ў Мінск спадзяецца дамагчыся вызвалення новай вялікай групы зняволеных. Чакаецца, што ён таксама сустрэнецца з Аляксандрам Лукашэнкам — упершыню пасля сакавіка.
Аднак Алесь Бяляцкі лічыць, што вызваленне палітвязняў у абмен на змякчэнне санкцый мае абмежаваны эфект. Паводле яго, такая схема не закранае асновы палітычнай сістэмы Беларусі.
— Па сутнасці, гэта чысты гандаль. Адбываецца абмен — закладнікі ў абмен на змяненне санкцый — але гэта не змяняе фундаментальнай сутнасці беларускага рэжыму, — сказаў ён.
Нобелеўскі лаўрэат называе людзей, якіх улады пераследуюць па палітычна матываваных справах, «закладнікамі». Гэты тэрмін раней выкарыстоўваў і Дональд Трамп.
Нягледзячы на ўласнае вызваленне, Алесь Бяляцкі не лічыць, што сітуацыя ў Беларусі прынцыпова змянілася.
— Я рады, што я на волі... але машына рэпрэсій працягвае працаваць. Кожны тыдзень мы бачым новых палітвязняў і новыя метады рэпрэсій, — сказаў праваабаронца.
Колькасць палітвязняў сапраўды застаецца высокай. Нягледзячы на вызваленне сотняў чалавек, праваабаронцы налічваюць 888 палітвязняў — супраць 1 185 на пачатак чэрвеня 2025 года.
Пры гэтым амерыканскі спецпасланнік Джон Коўл заяўляў, што з сярэдзіны 2025 года дзякуючы перамовам былі вызваленыя ад 700 да 800 чалавек. Такім чынам, вызваленне зняволеных суправаджаецца новымі затрыманнямі і крымінальным пераследам.
аз