У канцы верасня Чэхія можа прыняць візавыя паслабленні: у краіне разгледзелі прапановы беларускай супольнасці і выказалі гатовасць да іх прыслухацца. Пра гэта паведаміла каманда НДА «Беларуская салідарнасць» у горадзе Брно.
Гаворка ідзе пра магчымасць падацца на кароткатэрміновую візу (да 90 дзён) для блізкіх сваякоў (бацькі, дзеці, унукі, бабулі і дзядулі) грамадзянаў Чэхіі, а таксама беларусаў, якія маюць там доўгатэрміновы, пастаянны дазвол на жыхарства ці доўгатэрміновую візу. Гэта анансавалі ў жніўні падчас візіту ў Прагу Святланы Ціханоўскай, нагадвае «Белсат».
— Для сваякоў не будуць ужывацца праверкі ўзросту ці фінансавай залежнасці, — удакладнілі ў «Беларускай салідарнасці».
Арганізатары і прадстаўнікі кампаніі, якая займалася прасоўваннем пытання ад беларускай супольнасці ў Чэхіі, распавялі, што пачалі звяртацца да вышэйшых мясцовых уладаў яшчэ ў 2024 годзе і спачатку атрымалі адмову, але працягнулі працу. Агучвалі праблему ў медыях, праводзілі сустрэчы і кансультацыі з чыноўнікамі ЕС і Рады Еўропы, «прыцягваючы іх да дыялогу з урадам Чэхіі». Змаглі дамагчыся перадачы сваіх рэкамендацый аб спрашчэнні некаторых правілаў на міжведамасныя кансультацыі, пасля звярталіся да прэм'ер-міністра Чэхіі.
У выніку міністр замежных спраў краіны Петр Мацінка сёлета ў траўні ініцыяваў праект паправак.
Візавая папраўка пакуль разглядаецца, але, паводле каманды, мае высокія шанцы на ўхваленне: «Пакуль ніводнае з міністэрстваў не выступіла супраць». Вынікі будуць вядомыя 30 верасня.
Аднак у камандзе адзначаюць, што «святкаваць пакуль рана», бо шмат для якіх груп беларусаў візы ўсё яшчэ будуць недаступныя. Прадстаўнікі абʼяднання дадалі, што пачынаюць працаваць над пытаннем візаў для беларускіх студэнтаў, «колькасць якіх у Чэхіі крытычна падае» з прычыны візавых абмежаванняў.
аз