Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Вызваленыя палітычныя зняволеныя прыехалі ў Літву

16.09.2026 15:33
Многія пра сваё вызваленне даведаліся сёння ж. 
.
С. Ціханоўская вітае вызваленых скрыншот з відэа з сацсетак Святланы Ціханоўскай

У першым каментары СМІ Павел Белавус распавёў, што палітвязняў везлі з Беларусі ў Літву на аўтобусе. Мяхі на галовы ім не надзявалі, але ехаць трэба было тварам уніз. Пра сваё вызваленне Белавус даведаўся толькі сёння.

Вызвалены палітзняволены журналіст Андрэй Аляксандраў распавёў у стрыме «Радыё Свабода» пра свой стан пасля амаль шасці гадоў за кратамі.

— Пакінуў Радзіме 30 кіло вагі. Настрой добры. Вельмі рады, што гэтыя амаль шэсць гадоў скончыліся. Вельмі спадзяюся, што гэтыя працэсы [вызваленні] будуць працягвацца, — сказаў Андрэй.

Вызваленая палітзняволеная Людміла Чэкіна распавяла пра свае першыя адчуванні пасля вызвалення.

— Я дагэтуль не паверыла ў рэальнасць таго, што адбываецца. Гэта настолькі эмацыйна зараджана — нават неба іншае. Я ехала ў аўтобусе і глядзела на прыгожыя палі — яшчэ беларускія, глядзела на дубы, птушак і неба. Гэта вельмі цяжка — быць у няволі. Гэта як быць пахаваным жывым. Нашы бацькі паміралі, а мы не маглі прысутнічаць на пахаваннях, нашыя дзеці раслі без нас. І цяпер там ёсць дзяўчаты, у якіх маленькія дзеці, у якіх сталыя бацькі, якія патрабуюць дагляду.

Былы палітзняволены Дзмітрый Наважылаў, які правёў за кратамі больш за пяць гадоў, падзяліўся першымі эмоцыямі на волі.

— Адчуванне проста неверагоднае, таму што ўсё было вельмі нечакана. Бяссонная ноч, пераезды, этапы... Увогуле, вельмі радасна быць на волі, я вам скажу. Пяць гадоў і адзін месяц. Трэба проста прыняць новую рэальнасць, усвядоміць, дзе я і што са мной, а потым ужо з нейкімі цвярозымі думкамі я змагу вам нешта расказаць. Пакуль знаходзімся ў такім крыху разгубленым стане эйфарыі, таму дзякуй усім.

Агулам сённы вызвалілі і вывезлі ў Літву 25 чалавек. 

Свабода/Вясна/ав