Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Былых палітвязняў пачалі выкрэсліваць са спісу «тэрарыстаў» КДБ

23.09.2026 18:12
Цяпер гэта закранула некаторых палітвязняў, вызваленых па памілаванні ў жніўні і верасні 2024 года.
   .
Будынак КДБ у Мінску.Shutterstock.com/kateafter

КДБ Беларусі за апошнія тыдні выключыў са спісу асоб, «датычных да тэрарыстычнай дзейнасці», 12 былых палітвязняў. Для іх гэта азначае зняцце фінансавых абмежаванняў: яны зноў змогуць адкрываць банкаўскія рахункі, купляць і прадаваць нерухомасць, а таксама афармляць сім-карткі.

Гаворка, аднак, не ідзе пра палітычнае паслабленне. Выключэнне звязана з дзейнай працэдурай: пасля пагашэння судзімасці паводле «тэрарыстычных» артыкулаў чалавека павінны прыбраць са спісу КДБ.

Цяпер гэта закранула некаторых палітвязняў, вызваленых па памілаванні ў жніўні і верасні 2024 года. Для асуджаных паводле менш цяжкіх артыкулаў судзімасць захоўвалася два гады.

У беларускай частцы спісу цяпер застаюцца 738 чалавек. Туды могуць уключыць яшчэ да прысуду — дастаткова абвінавачання паводле артыкулаў, якія ўлады адносяць да «тэрарыстычных». Найбольш людзей у спісе абвінавачвалі ў «распальванні варожасці» і закліках да дзеянняў на шкоду нацыянальнай бяспецы.

nashaniva.com/эж