Міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў 25 верасня ў Нью-Ёрку сустрэўся з кіраўніцай МЗС Грузіі Макай Бачарышвілі.
Грузінскі бок падкрэсліў, што асаблівую ўвагу падчас перамоў надалі падтрымцы суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Грузіі. У Тбілісі таксама адзначаецца, што перамовы адбыліся з ініцыятывы беларускага боку і закранулі прыярытэтныя для дзвюх краін пытанні. Пра адрозненні ў паведамленнях двух ведамстваў звярнуў увагу «Позірк».
МЗС Беларусі тэму тэрытарыяльнай цэласнасці Грузіі ў сваім паведамленні ўвогуле не згадаў. Ведамства паведаміла пра палітычны дыялог, гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва, сітуацыю ў рэгіёне і рост турыстычных патокаў. Не пазначана таксама, што сустрэча адбылася з ініцыятывы Мінска.
Тэма адчувальная для беларуска-грузінскіх адносін. У 2022 годзе Аляксандр Лукашэнка наведаў акупаваную Расіяй Абхазію і сустрэўся з яе расійскім кіраўніком Асланам Бжаніям. Грузінскія ўлады асудзілі гэты крок. Пазней Лукашэнка прымаў Бжанію ў Мінску, што таксама выклікала крытыку Тбілісі.
эж