Да чарговай гадавіны закрыцця храма (26 верасня) вернікі даведаліся, што рамонт касцёла не завершыцца ў студзені 2027 года, як планавалася раней, паведамляе старонка katolik.life.
Уласнік храма, дзяржпрадпрыемства «Мінская спадчына», таксама абяцаў, што асноўныя работы завершаць да канца 2026 года, а ў студзені будынак увядуць у эксплуатацыю.
Але цяпер вернікі заўважылі, што на пашпарце аб'екта змянілі дату. Тэрмінам заканчэння будаўніцтва ўжо значыцца не 31 студзеня, а 30 красавіка.
Як нагадвае старонка, вясной у рамонтных працах быў перапынак.
Пра гадавіну закрыцця храма згадаў экс-пробашч ксёндз Уладзіслаў Завальнюк. У сваім відэа святар пацвердзіў, што пажару, які стаў падставай для высялення вернікаў з храма, папярэднічала разбітае акно. Гэта і шэраг іншых дэталяў могуць абвяргаць афіцыйную версію аб узгаранні праводкі — агонь мог быць наўмысна занесены звонку.
Дарэчы, вынікі расследавання аб прычынах пажару і разбітым акне так і не былі прадстаўлены грамадскасці.
— Вернікаў выціснулі з храма, — сказаў экс-пробашч.
Таксама ён распавёў, што былы прадстаўнік Ватыкана ў Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч перадаваў з нунцыятуры для парафіі міні-электрастанцыю. Яе выкарыстоўвалі, калі ксёндз Уладзіслаў Завальнюк і парафіяне вялі малітоўнае дзяжурства ў доме святара побач з касцёлам, які быў адключаны ад электрычнасці, ацяплення і вады. Але затым карыстацца міні-электрастанцыяй забаранілі. Як і «буржуйкай» пасля. Так вернікі перажылі дзве зімы, а на канец па просьбе мітрапаліта арцыбіскупа Юзафа Станеўскага «адступілі ад касцёла і дома».
Цяпер святар заклікаў не губляць надзею і працягваць маліцца аб хутчэйшым завяршэнні рэканструкцыі і вяртанні вернікаў у храм.
аз