Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Апалітычнасць беларусаў дапамагла Лукашэнку прыйсці да ўлады і ўтрымацца так доўга — Ціханоўская

29.09.2026 17:12
Лідарка беларускай апазіцыі выступіла на другім Форуме парламенцкай дэмакратыі ЕС.
   .
Святлана Ціханоўская на форуме.Фота: Офіс С. Ціханоўскай

29 верасня ў Бруселі Святлана Ціханоўская выступіла на другім Форуме парламенцкай дэмакратыі Еўрасаюза (EU Parliamentary Democracy Forum), арганізаваным прэзідэнткай Еўрапейскага парламента Рабертай Метсолай. У сваёй прамове яна заклікала еўрапейцаў актыўна ўдзельнічаць у палітыцы і абараняць дэмакратычныя каштоўнасці.

Ціханоўская нагадала, што шэсць гадоў таму ўпершыню прыехала ў Еўрапейскі парламент пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Паводле яе, тады беларускаму дэмакратычнаму руху была неабходная міжнародная падтрымка. Еўрапейскі парламент і нацыянальныя парламенты шэрагу краін выступілі ў падтрымку беларусаў, патрабавалі вызвалення палітвязняў і ўвядзення санкцый супраць рэжыму.

Ціханоўская падкрэсліла, што адной з галоўных задач дэмакратычнай Беларусі пасля пераменаў стане аднаўленне незалежнага парламента, які будзе служыць грамадзянам, а не ўладам. Яна заклікала асабліва моладзь не заставацца ўбаку ад палітыкі, вылучацца на выбарах і не дазваляць нікому пазбаўляць іх голасу.

Паводле Ціханоўскай, дэмакратыю трэба абараняць штодня, а аўтарытарныя лідары ўспрымаюць слабасць як запрашэнне да далейшай агрэсіі. Яна заклікала захоўваць санкцыі супраць Расіі і Лукашэнкі, а таксама ўмацоўваць дэмакратычныя інстытуты і грамадзянскую супольнасць.

Асобна Ціханоўская адзначыла значэнне еўрапейскага шчыта дэмакратыі для супрацьдзеяння замежнаму ўмяшанню, дэзынфармацыі і атакам на выбары. Яна заявіла, што беларускі досвед супраціву дыктатуры і расійскаму ўмяшанню можа быць карысным для Еўропы.

На думку Ціханоўскай, будучыня дэмакратыі ў Еўропе залежыць, у прыватнасці, ад падзей ва Украіне. Яна выказала перакананне, што перамога Украіны створыць новыя магчымасці і для Беларусі.

Сваё выступленне Ціханоўская завяршыла заклікам не здавацца і абараняць свабоду.

— Мы тут не для таго, каб маўчаць. Мы тут, каб гаварыць і абараняць нашу дэмакратыю, — заявіла яна.

Крыніца: Офіс С. Ціханоўскай