Дональд Трамп 28 верасня вылучыў Джона Коўла на пасаду свайго спецыяльнага пасланніка ў справах закладнікаў у рангу і статусе амбасадара. Цяпер ягоную кандыдатуру мае разгледзець Сенат, паведамляе «Свабода».
З 10 лістапада 2025 года Джон Коўл займае пасаду спецпасланніка прэзідэнта ЗША па Беларусі, а ўпершыню прыехаў на перамовы ў Мінск 21 чэрвеня таго ж года.
Тыдзень таму, 22 верасня, у эфіры незалежнага расійскага тэлеканала «Дождь» Коўл заявіў, што збіраецца таксама займацца вызваленнем расійскіх палітвязняў і ўкраінскіх палонных.
— Так, цяпер мы пачынаем працаваць над тэмай расійскіх зняволеных. І, дарэчы, над пытаннем украінскіх палонных таксама. У абедзвюх краінах ёсць цывільныя асобы, якія знаходзяцца ў палоне, і цяпер мы рыхтуем пэўныя прапановы. Натуральна, я працую ў кантакце са Стывам Уіткафам, бо менавіта Уіткаф займаецца Расеяй, — сказаў ён.
Паводле Коўла, спісы палітычных зняволеных у яго «ёсць», але пакуль ён не будзе іх агучваць.
— Я хацеў бы займацца гэтым пытаннем больш шчыльна і, у прынцыпе, збіраюся гэта рабіць. Я лічу, што надзея ёсць. Гэтак жа, як, напрыклад, у Беларусі ёсць надзея на вызваленне палітвязняў, думаю, што і ў Расіі таксама ёсць надзея. <...> Мне здаецца, гэта дапамагло б у плане адносінаў паміж дзвюма краінамі, але я не ведаю, ці пойдзе Пуцін на гэта, — адзначыў ён.
Працэс масавага вызвалення палітвязняў у выніку перамоваў Аляксандра Лукашэнкі з адміністрацыяй Дональда Трампа пачаўся з 2025 года.
Па выніках перамоў Коўла і Лукашэнкі 16 верасня ў Мінску было вызвалена 25 палітвязняў. Усе яны былі вывезеныя ў Літву (дзесяцёра пасля перабраліся ў Польшчу). У адказ ЗША знялі санкцыі з канцэрну «Беллеспаперпрам» і ААТ «Лакафарба».
З улікам апошняга вызвалення (16 верасня) грамадскасці вядома пра 671 вызваленага за два гады, але не ўсе з іх палітвязні.
аз