Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Парламент Кыргызстана пачаў працэдуру ратыфікацыі пагаднення з Беларуссю аб спрашчэнні правілаў знаходжання грамадзян

30.09.2026 17:30
Пасля прыняцця парламентам дакумент павінен яшчэ падпісаць прэзідэнт краіны.
Дзяржаўны сцяг Кыргызстанаjorono/pixabay.com/CC0 Public Domain

Парламент Кыргызстана 30 верасня ў першым чытанні прыняў законапраект аб ратыфікацыі міжурадавага пагаднення з Беларуссю пра парадак знаходжання грамадзян у дзвюх краінах, паведамляе «Позірк».

Паводле інфармацыі прэс-службы кыргызскага парламента, пагадненне, падпісанае 29 верасня 2025 года ў Мінску, прадугледжвае, што «грамадзяне дзяржавы аднаго боку, якія часова знаходзяцца на тэрыторыі дзяржавы другога боку, вызваляюцца ад абавязку рэгістрацыі (пастаноўкі на ўлік па месцы знаходжання) у кампетэнтных органах боку знаходжання на працягу 30 каляндарных дзён».

Чакаецца, што новая норма створыць «спрыяльныя ўмовы для ўзаемных паездак грамадзян дзвюх дзяржаў, будзе спрыяць далейшаму развіццю кыргызска-беларускіх стасункаў, пашырэнню эканамічных і турыстычных сувязей паміж дзяржавамі».

Пасля прыняцця парламентам дакумент павінен яшчэ падпісаць прэзідэнт.

Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі прыняла адпаведны законапраект 17 красавіка, Савет Рэспублікі ўхваліў яго 11 траўня, а Аляксандр Лукашэнка падпісаў яго 1 чэрвеня. Такім чынам, з беларускага боку працэдура завершаная.

17 верасня 2026 года ўрад Беларусі паведаміў пра зацвярджэнне пагаднення з Кыргызстанам аб узаемным прызнанні і абмене нацыянальных пасведчанняў кіроўцы. Дакумент быў падпісаны сёлета 5 чэрвеня ў Бішкеку падчас афіцыйнага візіту прэм’ер-міністра Аляксандра Турчына.

У адпаведнасці з пагадненнем бакі ўзаемна прызнаюць пасведчанні кіроўцы, выдадзеныя кампетэнтнымі органамі дзвюх дзяржаў. Таксама прадугледжаная магчымасць абмену пасведчанняў кіроўцы без здачы тэарэтычных і практычных іспытаў пасля атрымання дазволу на сталае пражыванне.

аз