Рэгіянальны адміністрацыйны суд Літвы адхіліў скаргу віленскай кампаніі «Dage Capital» і прызнаў законным штраф у 418 677 еўра, які ёй выпісала Служба расследавання фінансавых злачынстваў за парушэнне міжнародных санкцый. Пра гэта паведаміў суд.
Кампанія прадавала раскошныя аўтамабілі некалькім фірмам, зарэгістраваным у Вялікабрытаніі і Польшчы. Неўзабаве машыны праз трэціх асоб перапрадаваліся, вывозіліся ў Расію і там рэгістраваліся, нагадвае «Наша Ніва».
Служба прыйшла да высновы, што, прадаючы аўтамабілі, кампанія ўдзельнічала ў абыходзе забаронаў, устаноўленых міжнароднымі санкцыямі.
Акрамя таго, высветлілася, што кампанія, акцыянеры якой — грамадзяне Беларусі, мела чатыры рахункі ў беларускім «Альфа-Банку», які кантралююць санкцыйныя асобы, і карысталася імі.
Акцыянерамі «Dage Capital» з кастрычніка 2025 года з'яўляюцца 59‑гадовы Віталь Давыдаў і 54‑гадовая Марына Варанцова-Гальбас. Кіраўніком кампаніі Давыдаў зʼяўляецца з ліпеня 2020 года.
«Dage Capital» зарэгістраваная ў Вільні ў 2010 годзе. Афіцыйна асноўная дзейнасць кампаніі — грузавыя аўтаперавозкі, на сваім сайце яна прапануе транспартныя паслугі па Еўропе.
Абарот фірмы ў 2022 годзе склаў 6,6 мільёна еўра, у 2023‑м — 4,4 мільёна, у 2024‑м — 6,5 мільёна еўра. Чысты прыбытак за 2024 год — каля 28 тысяч еўра. Колькасць супрацоўнікаў за год скарацілася з 12 да сямі.
аз