Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Чэшскі ўрад пашырыў магчымасць атрымаць візы для некаторых беларусаў

06.10.2026 08:45
Магчымасці для беларусаў атрымаць візы былі ўведзеныя ў Чэхіі пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну ў лютым 2022 года.
Беларускія пашпартыЗдымак: Беларуская служба Польскага радыё

Урад Чэхіі на сваім пасяджэнні 5 кастрычніка прыняў рашэнне дазволіць некаторым грамадзянам Беларусі рабіць запрашэнні для сваіх родных на кароткатэрміновыя чэшскія візы, паведамляе «Свабода».

Дэталі рашэння пакуль не апублікаваныя, але вядома, што прапанова тычылася беларусаў, якія маюць грамадзянства Чэхіі альбо доўгатэрміновы дазвол на жыхарства.

Яны могуць запрасіць сваіх прамых сваякоў па лініі «ўверх ці ўніз» — гэта значыць сваіх бацькоў, дзядоў, бабуль, дзяцей, унукаў і г. д. На пасяджэнні ўрада не было пярэчанняў супраць гэтай прапановы.

Магчымасці для беларусаў атрымаць візы былі абмежаваныя як частка мер чэшскага ўрада пасля расійскага поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну ў лютым 2022 года. Тады Расія скарыстала для нападу тэрыторыю і інфраструктуру Беларусі.

Змякчэння візавых абмежаванняў для беларусаў ужо доўгі час дамагаліся беларускія арганізацыі Чэхіі, у тым ліку Офіс дэмакратычных сілаў Беларусі ў Чэхіі Супольнасць беларускіх студэнтаў у Чэхіі і суполка «Беларуская салідарнасць» у горадзе Брно.

Кіраўніца Офіса дэмакратычных сілаў Беларусі Крысціна Шыянок падзякавала міністру Мацінку і чэшскаму ўраду, назваўшы гэты вынік «плёнам супольнай працы дэмакратычных сіл Беларусі, у тым ліку праваабаронцы Алеся Бяляцкага, беларускай дыяспары і нацменшасці ў Чэхіі, нашых чэшскіх сяброў і перадусім абранай лідаркі Святланы Ціханоўскай».

У чэрвені Святлана Ціханоўская пасля сустрэчы з міністрам замежных спраў Чэхіі Пэтрам Мацінкам паведаміла, што ўлады гэтай краіны прынялі папярэдняе рашэнне спрасціць візавы рэжым для сваякоў беларусаў, якія жывуць у краіне.

Каментуючы апошняе рашэнне, Андрэй Калавур з суполкі «Беларуская салідарнасць» расказаў, што беларусы Чэхіі будуць дамагацца, каб кола сваякоў, для якіх магчыма звяртацца па візы, было пашыранае. Ён дадаў, што ў цяперашнім рашэнні значную ролю адыграла камунікацыя беларусаў Чэхіі з Пэтрам Мацінкам, а таксама са структурамі Еўрасаюза і Рады Еўропы.

аз