Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Каардынацыйная Рада прыняла рэзалюцыю «Аб безумоўнай і неадкладнай адмене смяротнага пакарання ў Беларусі»

09.10.2026 17:02
Паводле КР, адмена смяротнага пакарання — умова вяртання Беларусі ў еўрапейскую прававую прастору.
a a
Каардынацыйнaя Радat.me/rada_vision

Каардынацыйная Рада паведаміла аб прыняцці рэзалюцыі «Аб безумоўнай і неадкладнай адмене смяротнага пакарання ў Беларусі».

У дакуменце адзначаецца, што права на жыццё і недатыкальнасць чалавечай годнасці вызначаюць межы любой дзяржаўнай улады. Смяротнае пакаранне парушае гэтыя прынцыпы, робіць судовую памылку фатальнай і незваротнай ды ператварае правасуддзе ва ўзаконенае пазбаўленне жыцця ад імя дзяржавы.

Асобна ў рэзалюцыі падкрэсліваецца небяспека зменаў 2022 і 2023 гадоў, якімі рэжым Лукашэнкі пашырыў сферу прымянення смяротнага пакарання на так званыя «замах на тэрарызм» і «дзяржаўную здраду». Ва ўмовах татальнага палітычна матываванага пераследу і поўнага знішчэння незалежнага суду гэтыя нормы могуць быць выкарыстаныя супраць палітычных апанентаў рэжыму.

Рэзалюцыя надзяляе дэлегацыю Каардынацыйнай Рады мандатам адстойваць поўную і безумоўную адмену смяротнага пакарання падчас патэнцыйнага Круглага стала паміж дэмакратычнымі сіламі і прадстаўнікамі рэжыму.

Паводле Каардынацыйнай Рады, адмена смяротнага пакарання — гэта не толькі пытанне правоў чалавека, але і неабходная ўмова вяртання Беларусі ў еўрапейскую прававую прастору. Яна адкрые шлях да будучага далучэння Беларусі да Рады Еўропы і міжнародных механізмаў абароны правоў чалавека.

Рэзалюцыя прынятая Агульным пасяджэннем Каардынацыйнай Рады 4-га склікання 8 кастрычніка 2026 года. За яе прагаласавалі 52 дэлегаты, супраць — 1.

Аўтар праекту рэзалюцыі — Мікіта Семяненка, фракцыя «Кааліцыя Латушка і Руху «За Свабоду»». Канчатковая рэдакцыя ўлічвае прапановы іншых дэлегатаў і дэлегатак Каардынацыйнай Рады.

аз