Прычынай выкліку дыпламата ў МЗС у Мінску стала атака ўкраінскага беспілотніка на грузавы аўтамабіль з беларускай рэгістрацыяй у Бранскай вобласці суседняй з Беларуссю Расіі.
— Прыналежнасць аўтамабіля была відавочнай, і ў беларускага боку ёсць падставы разглядаць атаку як наўмысную. Украінскі бок перасцераглі ад паўтарэння падобных дзеянняў. Беларусь захоўвае за сабой права на адэкватныя меры рэагавання, — падкрэсліў прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Руслан Варанкоў.
8 кастрычніка 2026 году ў Бранскай вобласці Расіі ў выніку атакі беспілотніка на грузавы аўтамабіль з беларускай рэгістрацыяй пацярпела грамадзянка Беларусі, паведаміла МЗС.
Яна атрымала цяжкія раненні, у выніку якіх спатрэбілася ампутацыя канечнасцяў. Цяпер яе паклалі ў рэанімацыю і падключылі да апарата вентыляцыі лёгкіх. Ейны стан надзвычай цяжкі, але стабілізаваны, гаворыцца ў паведамленні.
Радыё Свабода звяртае ўвагу, што Міністэрства ў дзень здарэння не абвінавачвала ўкраінскі бок, толькі нагадала, што ўжо папярэджвала грамадзянаў Беларусі пра небяспеку паездак у расійскія рэгіёны, блізкія да зоны баявых дзеянняў.
— Аднак гэтыя папярэджанні не далі належнага выніку. Сённяшняе здарэнне пацвярджае актуальнасць гэтай рэкамендацыі, — адзначаецца ў заяве.
У беларускім МЗС мяркуюць, што здарэнне накіраванае на эскалацыю сітуацыі ў рэгіёне і ўцягванне Беларусі ў канфлікт. Пры гэтым расейскія абстрэлы ўкраінскіх рэгіёнаў, памежных з Беларуссю, МЗС у Мінску не асуджаў.
Свабода/ав