Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

600 выдадзеных дакументаў, але прызнанне толькі ў планах. Што з «пашпартам Новай Беларусі»?

14.10.2026 15:32
Старэйшы дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка прызнаў, што працэс прызнання дакументу можа быць вельмі доўгім.
«Пашпарт Новай Беларусі»Фота: tsikhanouskaya.org

Беларускі пашпартны цэнтр выдаў 600 «пашпартоў Новай Беларусі» і рыхтуе дыстанцыйны збор біяметрыі. Аднак прызнанне дакумента на ўзроўні дзяржаўнага малаверагоднае, сказаў «Белсату» старэйшы дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка. Цяпер ідзе праца над тым, каб замежныя ўстановы прымалі «пашпарт Новай Беларусі» як дадатковае пацвярджэнне асобы пры легалізацыі за мяжой.

Паводле Вячоркі, «Беларускі пашпартны цэнтр» трансфармаваўся за апошні год, правёў аптымізацыю. Змянілася прысутнасць у Літве і ў цэлым дзейнасць стала больш дэцэнтралізаванай: з'явіліся новыя пункты збору біяметрычных даных у Польшчы, Украіне, Літве і ЗША і выязныя сесіі ў іншыя краіны ЕС.

Па стане на верасень 2026 года было выдадзена 600 дакументаў, больш за 60 заявак у апрацоўцы.

— Пашпарты звычайна атрымліваюць людзі, у якіх ёсць складанасці з дакументамі: тэрмін дзеяння традыцыйных беларускіх пашпартоў ужо скончыўся, і гэта здаецца для іх адзіным рашэннем, — патлумачыў Вячорка попыт на дакумент.

Паводле яго, асабліва запатрабаваным «пашпарт Новай Беларусі» можа быць у краінах, дзе няма механізму і практыкі выдачы пашпартоў замежніка ці дарожных дакументаў.

Вячорка заявіў, што былі выпадкі, калі «пашпарт новай Беларусі» дапамагаў у побытавых справах і дзяржаўныя органы ў розных краінах ішлі насустрач, прымалі яго як пасведчанне асобы.

Палітык падкрэсліў, штоўу «Беларускага пашпартнага цэнтра» былі некалькі праверак, якія не паказалі ўцечкі ці рызыкі для бяспекі. Да базы атрымальнікаў пашпартоў не маюць доступу ні супрацоўнікі пашпартнага цэнтра, ні прадстаўнікі Абʼяднанага пераходнага кабінету ці Офісу Ціханоўскай, дадаў ён.

Працэс прызнання «пашпарта Новай Беларусі» сапраўды складаны, бо такіх прэцэдэнтаў не было, дадаў Вячорка. Паводле яго, прыярытэтамі перамоў Офіса Святланы Ціханоўскай у розных краінах з'яўляюцца прызнанне пратэрмінаваных дзяржаўных беларускіх пашпартоў і магчымасць выдачы т.зв. «пашпартоў замежніка» ці «падарожных дакументаў». І толькі на трэцім месцы прасоўванне «пашпарта Новай Беларусі», які мог бы быць універсальным і доўгатэрміным рашэннем.

Але Вячорка прызнаў, што працэс прызнання дакумента можа быць вельмі доўгім, але «калі не будзе іншага, лепшага рашэння на ўзроўні Еўрапейскага Саюза ці ААН, магчыма, гэты варыянт стане адзіным выхадам з сітуацыі.

Ён не выключае, што чым больш людзей атрымае пашпарты, тым больш будзе матывацыі ў міжнародных інстытуцыяў і краінаў думаць пра яго прызнанне.

У бліжэйшых планах пашпартнага цэнтра — арганізацыя электроннага збора біяметрыі, якая не будзе патрабаваць фізічнай прысутнасці чалавека.

аз