2 тыс. 52 еўра ахвяравана былому палітвязню, старшыні Беларускай партыі «Зялёныя» (у Беларусі ліквідаваная, дзейнічае ў выгнанні) Дзмітрыю Кучуку.
Пра збор 13 кастрычніка абвясціў Фонд салідарнасці BySol. Заяўленая сума — 2 тыс. 800 Еўра. Кучук плануе выдаткаваць сродкі на арэнду жылля («3-4 месяцы») і ежу, паведамляе «Позірк».
У канцы снежня 2024 года Кучук быў асуджаны на шэсць гадоў пазбаўлення волі. Абвінавачваўся па ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) і ч. 3 арт. 361 (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы) Крымінальнага кодэкса.
Партыйны лідар быў затрыманы 16 лютага 2024 года па дарозе да амбасады Расіі ў Мінску, каля якой хацеў ускласці кветкі і запаліць лампадкі ў памяць пра памерлага ў калоніі расійскага палітыка Аляксея Навальнага.
Кучук быў датэрмінова вызвалены 11 верасня 2025 года і ў складзе групы іншых палітвязняў гвалтоўна вывезены ў Літву.
26 студзеня 2026 года дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская прызначыла Кучука сваім дарадцам у пытаннях экалогіі.
У звароце да патэнцыйных дабрачынцаў на сайце BySol Кучук піша:
— У першыя месяцы [пасля вызвалення і прымусовага выправаджэння з Беларусі] мне вельмі дапамаглі, і я за гэта ўдзячны. Але з усёй нашай групы [вывезеных у Літву палітвязняў] дакументы я атрымаў апошнім: легалізацыя заняла сем з паловай месяцаў. Увесь гэты час я не мог нармальна працаваць. Уся дапамога пайшла на самае базавае: жыллё, ежу, дакументы. Пасля турмы ў чалавека няма запасу трываласці. Выходзіш не ў нармальнае жыццё, а ў новую краіну, дзе ўсё трэба збіраць зноўку.
Паводле слоў экс-палітвязня, у Літве ён адкрыў кампанію і «пачаў вывозіць бытавую тэхніку».
— Улетку я яшчэ цягнуў усё сам, хоць даходаў пакуль не хапала, а жыццё ў Літве дарагое. Цяпер рэсурсы скончыліся, і з 1 кастрычніка я вымушаны жыць у шэлтары, таму што плаціць за арэнду больш няма чым. Я разумею, як выйсці на самаакупнасць, і мне трэба пратрымацца яшчэ некалькі месяцаў. Але складана шукаць кліентаў, ездзіць па заказах і дамаўляцца аб працы, калі не ведаеш, дзе будзеш начаваць праз тыдзень, — падкрэсліў Кучук.
Ён разлічвае, што сабраныя сродкі дазволяць яму «не сарвацца менавіта цяпер, калі з’явіўся шанец, а працягнуць працаваць і выйсці на нейкі прыбытак».
вс