Беларусь заняла 125-е месца сярод 165 краін і тэрыторый у новым рэйтынгу эканамічнай свабоды, страціўшы тры пазіцыі ў параўнанні з папярэднім выпускам. Найгорш даследчыкі ацанілі дзяржаўнае рэгуляванне бізнесу — паводле гэтага паказчыка краіна апынулася на 154-м месцы. Пры гэтым усе пяць суседніх дзяржаў падняліся ў рэйтынгу. Даклад «Economic Freedom of the World 2026» вывучыў і параўнаў вынікі «Белсат».
У папярэднім выпуску Беларусь знаходзілася на 122-м месцы з ацэнкай 5,92 бала. Цяпер, гэта 125-е месца і 5,89 бала з дзесяці. Такі ж вынік маюць Гана і Туніс.
Самае слабое месца Беларусі — дзяржаўнае рэгуляванне бізнесу. Паводле гэтага паказчыка краіна займае 154-е месца з вынікам 4,82 бала. Даследчыкі ацэньваюць, наколькі складана прадпрымальнікам працаваць праз дзяржаўныя абмежаванні. Улічваюцца даступнасць крэдытаў, правілы наймання і звальнення супрацоўнікаў, неабходнасць атрымліваць дазволы, адміністрацыйныя патрабаванні і ўмовы канкурэнцыі.
Крыху лепшая сітуацыя з прававой сістэмай і абаронай уласнасці — 120-е месца і 4,27 бала. Тут гаворка ідзе пра тое, наколькі незалежныя суды, ці выконваюцца заключаныя дамовы, ці абароненыя правы ўласнікаў і ці могуць грамадзяне і прадпрыемствы разлічваць на бесстаронні разгляд спрэчак.
Паводле ўдзелу дзяржавы ў эканоміцы Беларусь атрымала 5,89 бала і заняла 123-е месца. Гэты паказчык адлюстроўвае, якую ролю дзяржава адыгрывае ў размеркаванні грошай і валоданні прадпрыемствамі. Чым больш дзяржаўных выдаткаў, субсідыяў і інвестыцыяў, чым вышэйшыя падаткі і доля дзяржаўнай уласнасці, тым ніжэйшая ацэнка паводле метадалогіі рэйтынгу.
Яшчэ адзін кірунак — свабода міжнароднага гандлю. Тут Беларусь знаходзіцца на 121-м месцы з вынікам 6,32 бала. Пры разліку ўлічваюцца мыты на імпарт, іншыя абмежаванні вонкавага гандлю, складанасці пры ўвозе і вывазе тавараў, а таксама перашкоды для руху капіталу. Чым больш такіх бар'ераў, тым ніжэйшая ацэнка.
Значна вышэй Беларусь размясцілася паводле стабільнасці грашовай сістэмы — 81-е месца і 8,17 бала. Гэта найлепшы вынік краіны сярод пяці кірункаў рэйтынгу. Даследчыкі ацэньваюць узровень інфляцыі і яе ваганні, тэмпы росту грашовай масы, а таксама магчымасць захоўваць грошы на банкаўскіх рахунках у замежнай валюце. Высокая ацэнка паводле гэтага кірунку не азначае, што даследчыкі лічаць усю беларускую эканоміку стабільнай.
Беларусь аказалася адзінай з шасці краін рэгіёну, чыя пазіцыя ў апублікаваным рэйтынгу пагоршылася.
аз