Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

У Польшчы знайшлі «мегазонд» з кантрабанднымі цыгарэтамі

19.10.2026 16:31
У суседніх краінах ЕС часта знаходзяць беларускія цыгарэты, якія дастаўляюць праз мяжу паветраным шляхам.
    , , ,   . 19  2026 .
Знойдзеныя ў Польшчы кантрабандныя цыгарэты, што, імаверна, прыляцелі з Беларусі. 19 кастрычніка 2026 года. Скрыншот: Straz_Graniczna / X.com

На ўсходзе Польшчы недалёка ад мяжы з Беларуссю польскія памежнікі і паліцэйскія знайшлі 15 тыс. пачкаў цыгарэт, якія прыляцелі на метэаралагічных шарах. Пра гэта паведамляе «Белсат».

Нелегальны груз знайшлі ля вёскі Мазануўкі ў Люблінскім ваяводстве, якое мяжуе з Брэсцкай вобласцю Беларусі. Паводле папярэдніх звестак, цыгарэты пераправілі менавіта з тэрыторыі Беларусі з дапамогай метэаралагічных шароў, якія рухаліся па ветры.

Як паведаміла Памежная служба Польшчы, кантрабанда прыляцела на трох злучаных між сабой метэаралагічных шарах. Да канструкцыі былі прычэпленыя ажно 10 каробак — агулам 15 тыс. пачкаў цыгарэтаў без польскіх акцызаў. Партыю ацанілі ў 300 тыс. злотых (амаль 69 тыс. еўра). Праводзіцца дасудовае расследаванне. Сілавікі высвятляюць усе акалічнасці і шукаюць людзей, якія могуць быць датычныя да кантрабанды.

У суседніх краінах ЕС часта знаходзяць беларускія цыгарэты, якія дастаўляюць праз мяжу паветраным шляхам. Нядаўна паведамлялася пра затрыманне ў Польшчы шасці чалавек, якія падазраюцца ў кантрабандзе тытунёвых вырабаў з дапамогаю метэазондаў. Двое фігурантаў аказаліся беларусамі.

Ад пачатку 2026 года польскія памежнікі знайшлі кантрабандныя цыгарэты, перапраўленыя з Беларусі метэазондамі, на суму больш за 7 млн 800 тыс. злотых (больш за 1 млн 784 тыс. еўра).

На пачатку кастрычніка ў Літве перахапілі кіраванне і пасадзілі дрон з кантрабанднымі цыгарэтамі. Гэта быў 61-ы беспілотнік, які ўдалося перахапіць сёлета – гэта больш, чым за ўвесь мінулы год.

Пры гэтым кіраўнік МУС Беларусі Іван Кубракоў на пасяджэнні Савету міністраў унутраных справаў краінаў СНД 1 кастрычніка заявіў, што метэазондамі ў Беларусь з Польшчы нібыта перасылаюць наркотыкі дзеля далейшага транзіту ў Расію. Чыноўнік сцвярджаў, што ў Гродзенскай вобласці сёлета сканфіскавалі 142 кг забароненых рэчываў. Былі таксама затрыманыя асобы, датычныя да кантрабанды.

вс