Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

У экс-палітвязня Канстанціна Залатых выявілі анкалогію – на BYSOL адкрылі збор

28.10.2026 18:03
Канстанцін Залатых быў асуджаны на чатыры гады калоніі і адбыў увесь тэрмін.
 .
Канстанцін Залатых.Здымак з сайту BYSOL

Рак ныркі выявілі ў былога палітвязня, экс-дырэктара газеты «Беларусы і рынак» Канстанціна Залатых, паведамляе «Еўрарадыё».

Цяпер ён чакае абследавання і лячэння. З-за складанага дыягназу беларуса накіравалі ў спецыялізаваную клініку ва Уроцлаве. Фонд BYSOL абвясціў збор на дапамогу Залатых – для аплаты паездкі, а таксама арэнды жылля і пакрыцця бытавых патрэбаў сям’і на тры месяцы.

Экс-палітвязень кажа, што лячыць у Польшчы яго будуць бясплатна, а дапамога патрабуецца менавіта на штодзённыя выдаткі ў гэты перыяд.

– Праблема ў тым, што цяпер з-за хваробы, шпіталізацыі і пастаянных абследаванняў я не магу паўнавартасна забяспечваць сям’ю. Пасля зняволення, вымушанага пераезду і ўсяго перажытага ў нас практычна не засталося грошай, – прызнаецца ён.

На дапамогу Канстанціну Залатых плануецца сабраць 4500 еўра. Яны будуць размеркаваныя наступным чынам:

3 тыс. еўра – арэнда жылля і камунальныя плацяжы на бліжэйшыя тры месяцы;

900 – паездкі на дыягностыку і аперацыю ва Уроцлаў;

600 – прадукты, неабходныя бытавыя і іншыя выдаткі сям’і на працягу трох месяцаў.

Дапамагчы можна па спасылцы.

Канстанцін Залатых быў асуджаны на чатыры гады калоніі і адбыў увесь тэрмін. Частку часу ён правёў у ШІЗА, дзе не атрымліваў неабходнай медыцынскай дапамогі. Сям'я палітвязня пакінула Беларусь адразу пасля ягонага арышту. Пасля вызвалення Залатых, які меў статусы «тэрарыста» і «экстрэміста», таксама выехаў з Беларусі.

вс