Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Супрацоўнік ФСБ курыруе Дом Масквы ў Мінску

29.10.2026 15:32
Паводле дадзеных Службы знешняй разведкі Эстоніі, супрацоўнікі ФСБ працуюць пад прыкрыццём у Маскоўскім доме суайчынніка.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар. facebook.com/mkdcminsk

Дом Масквы ў Мінску курыруе супрацоўнік Федэральнай службы бяспекі Расіі Сяргей Макшанцаў. Да такой высновы прыйшло «Бюро» на падставе інсайдарскай інфармацыі, а таксама ўцечак і адкрытых даных.

Дом Масквы ў Мінску — гэта пляцоўка для прасоўвання ідэй рускага міру ў Беларусі і важны элемент мяккай сілы Крамля. Арганізацыя падпарадкоўваецца Маскоўскаму дому суайчынніка (МДС), створанаму маскоўскім урадам для працы з рускамоўнай дыяспарай за мяжой.

Намеснікам дырэктара МДС працуе Сяргей Макшанцаў. Дзве не звязаныя адна з адной крыніцы ў еўрапейскай разведвальнай службе ідэнтыфікавалі яго як супрацоўніка Пятай службы ФСБ, паведамляе «Бюро»

Макшанцаў лётаў за мяжу разам з Максімам Яроміным. У базах выдання «The Insider» Яромін праходзіць як кадравы афіцэр Пятай службы ФСБ. Акрамя таго, у адной з уцечак адрасам пражывання Макшанцава пазначаная кватэра ў Маскве, якая лічыцца за ФСБ. Па суседстве з ім «пражывае» Аляксандр Юдзін, якога праект rupep.org ідэнтыфікаваў таксама як супрацоўніка Пятай службы ФСБ.

Пятая служба ФСБ займаецца знешняй разведкай, палітычным аналізам і прагназаваннем, пошукам, вярбоўкай і фінансаваннем пракрамлёўскіх актывістаў за мяжой. Менавіта Пятая служба ФСБ адказвала за перадачу Уладзіміру Пуціну інфармацыі пра палітычнае становішча ва Украіне і займалася падрыхтоўкай украінскай пятай калоны напярэдадні поўнамаштабнага ўварвання.

Паводле дадзеных Службы знешняй разведкі Эстоніі, супрацоўнікі ФСБ працуюць пад прыкрыццём у Маскоўскім доме суайчынніка. Сярод іх названы Максім Сапуноў, які быў намеснікам дырэктара МДС у 2013–2015 гадах. Макшанцаў заняў гэтую пасаду ў МДС у 2022 годзе. Як вынікае з уцечкі, з таго часу ён лётаў у Бішкек, Ерэван, Баку і Мінск.

У верасні 2024 года Макшанцаў пабываў на канферэнцыі «Расійская дыяспара. Рэаліі і перспектывы» ў Доме Масквы ў Мінску. У маі 2026 года выступаў на канферэнцыі «Масква і суайчыннікі. Праца, задачы, перспектывы», якая таксама праходзіла ў Доме Масквы ў Мінску.

аз