Кангрэс мясцовых і рэгіянальных уладаў (КМРУ) Савета Еўропы ведае ў якой складанай сітуацыі знаходзяцца беларусы за мяжой, заявіла на брыфінгу 29 кастрычніка ў Страсбургу прэзідэнт кангрэса Гюн Марыт Хельгесэн. Пра гэта яна заявіла ў кантэксце адказу на пытанне, што Кангрэс можа зрабіць для спынення рэпрэсій, якім падвяргаюцца беларусы не толькі ўнутры краіны, але і па-за яе межамі, паведамляе «Позірк».
— Мне б хацелася, каб мы маглі зрабіць больш, чым дазваляюць нашы магчымасці(…) Што мы ўжо робім? Мы ўключылі беларускія дэмакратычныя сілы ў працу Кангрэса (…) На кожным пасяджэнні мы заслухоўваем даклад, каб быць у курсе апошніх падзей. І, вядома, мы пастаянна падтрымліваем дэмакратычныя сілы. Таму я думаю, што нашы дзверы для іх шырока адчыненыя, — сказала прэзідэнт КМРУ.
Яна згадзілася, што сітуацыя вельмі складаная, паколькі беларусы пазбаўляюцца магчымасці карыстацца сваімі пашпартамі, пасведчаннямі асобы. А як жыць у сучасным свеце, дзе тэхналогіі адыгрываюць такую вялікую ролю і дзе нам пастаянна патрэбныя пашпарты і пасведчанні асобы?
— Мы ведаем пра гэтую сітуацыю і ставімся да яе вельмі сур’ёзна, — адзначыла Гюн Марыт Хельгесэн.
Яна таксама запэўніла, што Кангрэс робіць усё, што ў яго сілах, і спадзяецца на тое, што «атрымаецца дамагчыся прагрэсу». Яна падкрэсліла, што арганізацыя падтрымлівае дэлегацыю дэмакратычнай Беларусі — «запрашае да ўдзелу, уключае ў сваю працу» — і мае намер працягваць гэта рабіць.
аз