Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Намеснік міністра абароны абвінаваціў Польшчу ў «неадэкватнай мілітарызацыі»

31.10.2026 15:30
Таксама начальнік Генеральнага штаба Узброеных сіл Уладзімір Белы абвінаваціў Украіну ў інфармацыйна-псіхалагічным уздзеянні на прыгранічнае насельніцтва Беларусі.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: gpk.gov.by

Абстаноўка на беларуска-ўкраінскай мяжы «не пераходзіць у нейкую крызісную плоскасць», заявіў першы намеснік міністра абароны — начальнік Генеральнага штаба Узброеных сіл Уладзімір Белы ў інтэрв'ю тэлеканалу ОНТ 30 кастрычніка, заўважыў «Позірк». Паводле яго слоў, «мэтанакіраваных мер па эскалацыі абстаноўкі з боку Украіны няма».

З сумежнага боку «практычна замініравана ўся мясцовасць», сказаў Белы: «Там узарваны ўсе масты. Усё перакапана».

У кантэксце заяваў Кіева аб працы на тэрыторыі Беларусі рэтранслятараў для расійскіх БПЛА спікер заявіў, што «гэтая абвінаваўчая рыторыка звязана з тымі палітычнымі працэсамі, якія адбываюцца як унутры, так і на знешняй дузе ў дачыненні да Украіны:

— Мы ўвесь час чуем вось гэтыя папрокі, абвінавачанні. Мы ўвесь час знаходзімся ў рэжыме правакацыі.<…&gt; Падобныя рэчы могуць прывесці да трансфармацыі вось гэтай складанай абстаноўкі ў разрад памежных інцыдэнтаў. Ёсць наймагутнейшае інфармацыйна-псіхалагічнае ўздзеянне на наша прыгранічнае насельніцтва, ёсць уздзеянне на нашых ваеннаслужачых. Але гэта не пераход у нейкія гарачыя фазы, — адзначыў ваеначальнік.

Мінск «змяшчае групоўку войск прыкрыцця на паўднёвым напрамку», дадаў Белы. У яе складзе ён пералічыў сілы спецыяльных аперацый, якія «пастаянна знаходзяцца ў гатоўнасці», тэрытарыяльную абарону і атрады «народнага апалчэння».

Паводле яго слоў, «планамерна ствараецца дэсантнае злучэнне, якое будзе дыслакавацца ў Гомельскай вобласці»:

— Ужо завяршаем будаўніцтва абʼекта інфраструктуры, завяршаем падрыхтоўку ваеннаслужачых, афіцэрскага складу, тэхнікі, узбраення.

Польшчу чыноўнік абвінаваціў у «неадэкватнай мілітарызацыі»:

— Сотнямі вылічаюцца іх планы па закупцы рэактыўных сістэм залпавага агню. Гэта ўсё ў тым ліку выклікае ў нас рэакцыю па ўдакладненні нашых планаў.

Падобным чынам ён апісаў сітуацыю ў краінах Балтыі, адзначыўшы, што «з прычыны свайго прамысловага і эканамічнага патэнцыялу яны не могуць уяўляць такой сурʼёзнай пагрозы, як Узброеныя сілы Польшчы». Пры гэтым намеснік міністра назваў іх плацдармам НАТА.
Ваеннае супрацоўніцтва з РФ Белы растлумачыў неабходнасцю «адэкватнага адказу» Паўночнаатлантычнаму альянсу:

— Мы не можам супрацьпаставіцца ўсяму блоку НАТА. Трэба абапірацца на моцнага саюзніка.

Генерал-маёр Белы быў прызначаны намеснікам міністра абароны 8 ліпеня. Да гэтага ён займаў пасаду начальніка галоўнага ўпраўлення баявой падрыхтоўкі УС.

Начальнікам Генштаба ён стаў 28 верасня. У гэты ж дзень ягоны папярэднік, іншы намеснік міністра Павал Муравейка стаў намеснікам кіраўніка адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі.

Позірк/ав