Пра жаданне «пачуць галасы тых, каго ўжо няма побач», заявіла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская 1 лістапада з нагоды Дзядоў — перыяду ўшанавання памерлых продкаў. Яе словы цытуе «Позірк».
— Бывае, згатуеш нешта па бабуліным рэцэпце — і ўспомніш, як яна завіхалася на кухні. Ці пачуеш знаёмы выраз і ўсміхнешся: так жа дзядуля казаў. Саміх людзей ужо няма побач, а столькі ад іх засталося ў нашым жыцці. Нават у тым, як мы сустракаем гасцей або клічам дзяцей вячэраць, – адзначыла палітык.
— На Дзяды мы збіраемся, каб іх успомніць. Бабулю і дзядулю, бацькоў, сяброў, суседскую цётку, якая ведала нас з дзяцінства і заўсёды мела для нас пачастунак. Прыгадваем, якімі яны былі, што любілі, як умелі суцешыць. Часам плачам, часам смяёмся над гісторыяй, якую ўжо столькі разоў чулі. І радуемся, што побач ёсць хтосьці, хто таксама яе памятае, — сказала Ціханоўская.
Паводле яе слоў, «вельмі хочацца, каб за такімі размовамі былі і нашы дзеці».
— Каб маглі распытаць, пагартаць разам з намі альбом, даведацца, чыю ўсмешку або характар яны атрымалі ў спадчыну. Каб людзі, якіх яны, магчыма, ніколі не бачылі, сталі для іх блізкімі.
— Калісьці нашы старэйшыя гэтак жа перадавалі нам свае ўспаміны, песні, сямейныя звычаі. Дзякуючы гэтай любові і клопату праз пакаленні захавалася столькі нашага, беларускага. І цяпер мы самі можам перадаць гэта далей, — падкрэсліла палітык.
Сёння, дадала яна, не ўсе «могуць прыехаць на могілкі блізкіх або сабрацца ў бацькоўскай хаце». Але можна зладзіць свой вечар памяці там, дзе вы цяпер. Прыгатаваць нешта знаёмае з дзяцінства, запаліць свечку, паклікаць блізкіх. Пачаць з простага: «А памятаеце?»Ці расказаць тое, чаго за гэтым сталом яшчэ ніхто не чуў, — сказала дэмлідар.
— У кожнай сям’і будуць свае імёны і гісторыі. А па ўсёй Беларусі і далёка ад яе ў гэтыя вечары людзі будуць успамінаць сваіх. Ад гэтага мне асабліва цёпла: мы ў розных месцах, але столькі ў нас агульнага. Давайце зберажом гэта. Каб і праз шмат гадоў нашы ўнукі запрашалі сваіх блізкіх: «Прыходзьце. Сёння Дзяды», — падсумавала Ціханоўская.
Дзяды — народны памінальны абрад, які мае паганскія карані, але цяпер сплецены і з хрысціянскай традыцыяй. На беларускай зямлі яго праводзілі не ў адзін пэўны дзень, цягам года ў розных рэгіёнах краіны продкаў згадвалі ў розныя перыяды. Бадай, самая вядомая дата на сённяшні дзень — 2 лістапада.
вс