Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Чэхія спрашчае атрыманне шэнгенскіх віз для беларусаў, якія хочуць наведаць сваякоў

05.11.2026 08:29
З 10 лістапада пасольства Чэхіі ў Мінску пачне прымаць электронныя заяўкі на прызначэнне даты падачы дакументаў.
 .  .
Ілюстрацыйны здымак. Чэшскі сцяг.Фота: pixaby.com /CCO

Грамадзяне Беларусі змогуць падаваць заявы на атрыманне шэнгенскіх віз для наведвання блізкіх сваякоў, якія жывуць у Чэхіі. Пра гэта паведаміла пасольства Чэшскай Рэспублікі ў Мінску.

Права падаваць заявы атрымаюць беларусы, чые дзеці, унукі, бацькі, бабулі або дзядулі з'яўляюцца грамадзянамі Чэхіі альбо грамадзянамі Беларусі, якія легальна пражываюць у гэтай краіне на падставе доўгатэрміновай візы ці дазволу на доўгатэрміновае або пастаяннае пражыванне.

Пры гэтым новыя правілы не распаўсюджваюцца на братоў, сясцёр, дзядзькаў, цётак і стрыечных сваякоў.

З 10 лістапада пасольства Чэхіі ў Мінску пачне прымаць электронныя заяўкі на прызначэнне даты падачы дакументаў. Іх неабходна накіроўваць на адрас Minsk.Visa\@mzv.gov.cz.

У лісце трэба пазначыць асабістыя і кантактныя дадзеныя заяўніка, нумар пашпарта, інфармацыю пра асобу, якая запрашае, а таксама мэту паездкі. Да ліста неабходна прыкласці копіі пашпарта, запрашэння, дакументаў, якія пацвярджаюць сваяцтва, і дакументаў аб грамадзянстве або праве на пражыванне сваяка ў Чэхіі.

Усе дакументы павінны быць у фармаце PDF або JPG. На аднаго заяўніка неабходна дасылаць асобны электронны ліст.

Пасольства паведаміць дату і час падачы дакументаў у электронным лісце ў адказ.

Новыя правілы сталі магчымымі дзякуючы папраўкам да ўрадавай пастановы, ухваленай 5 кастрычніка 2026 г.

яс