19–20 лістапада ў Львове прайшоў V Форум Астрожскіх, прысвечаны беларуска-ўкраінскім адносінам, рэгіянальнай бяспецы і перспектывам супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі.
У дыскусіі «Украіна як хаб Новай Беларусі: перспектывы, магчымасці, выклікі» ўзяў удзел дарадца Святланы Ціханоўскай па пытаннях дыпламатыі Дзяніс Кучынскі. Мадэраваў размову дарадца па парламенцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька.
Разам з кіраўніцай Місіі дэмакратычных сілаў Беларусі ва Украіне Вольгай Зазулінскай, амбасадарам МЗС па спецыяльных даручэннях па Беларусі Яраславам Чарнагорам і прадстаўнікамі Вярхоўнай Рады Сяргеем Собалевым і Уладзімірам Ар’евым удзельнікі абмеркавалі ролю Украіны як аднаго з цэнтраў Новай Беларусі побач з Варшавай і Вільняй, легалізацыю і інтэграцыю беларусаў ва Украіне, магчымасці для адукацыі і прафесійнага развіцця.
Па выніках дыскусіі ўдзельнікі вызначылі прыярытэтныя напрамкі далейшай супольнай працы. Сярод іх — стварэнне міжведамаснай рабочай групы па інтэграцыі беларусаў ва Украіне і запуск сямі беларуска-ўкраінскіх рабочых груп па розных напрамках супрацоўніцтва.
Сярод іншых прапаноў — развіццё міжпартыйных кантактаў і падтрымка Маладзёжнага Люблінскага трохкутніка як пляцоўкі для рэгіянальнага супрацоўніцтва.
Крыніца: Светлана Тихановская/юл