25 лістапада адзначаецца Міжнародны дзень барацьбы за ліквідацыю гвалту ў адносінах да жанчын. Гвалт у дачыненні да жанчын і дзяўчат застаецца адным з самых распаўсюджаных парушэнняў правоў чалавека ў свеце, паведамляе «Вясна».
Паводле праваабаронцаў, у Беларусі сітуацыю пагаршаюць рэпрэсіі і ліквідацыя незалежных арганізацый, якія абаранялі правы жанчын і дапамагалі ахвярам гвалту.
Пры гэтым не менш за 2126 жанчын сталі фігуранткамі палітычна матываваных крымінальных спраў, а мінімум 115 палітзняволеных жанчын застаюцца за кратамі. Сярод іх — 19 пенсіянерак.
З пачатку 2025 года пры садзейнічанні ЗША 56 жанчын былі памілаваныя і гвалтоўна выдвараныя з Беларусі.
У зняволенні жанчыны сутыкаюцца з жорсткім абыходжаннем, псіхалагічным і фізічным ціскам, а таксама праблемамі з атрыманнем медыцынскай дапамогі. Не менш за 13 жанчын маюць сур'ёзныя праблемы са здароўем. За апошнія месяцы стала вядома пра анкалагічныя захворванні ў дзвюх палітзняволеных жанчын.
аз