Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

ЕС рыхтуецца ўвесці санкцыі супраць мінскага распрацоўшчыка беспілотнікаў і былога афіцэра КГБ

25.11.2026 13:30
Чарговы пакет санкцыяў супраць Расіі чакаюць ухваліць да калядных вакацыяў.
Сцяг ЕСRalph/pixabay.com/CC0 Public Domain

Разам з 22-м пакетам санкцыяў супраць Расіі за вайну ва Украіне Еўрасаюз прапануе ўнесці ў беларускі санкцыйны спіс мінскую кампанію «БТС Глобал», якая распрацоўвае беспілотнікі, і яе ўласніка Юрыя Серых. Пра гэта стала вядома «Свабодзе» ад інфармаваных крыніцаў у Бруселі.

Паводле праекту рашэння, 40-гадовы Юры Серых — адзіны ўласнік і канчатковы бенефіцыяр «БТС Глобал». Раней ён быў афіцэрам КДБ і Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры прэзідэнце. Серых — грамадзянін Беларусі, нарадзіўся ў Камянцы-Бузкай на Львоўшчыне.

«БТС Глобал» зарэгістравалі ў Мінску ў 2018 годзе. У праекце яна названая інжынернай кампаніяй, якая распрацоўвае беспілотныя сістэмы, прыдатныя для вайсковага выкарыстання.

Сярод іх — шматфункцыйная беспілотная авіяцыйная сістэма Juliet для пошуку цэляў, іх выяўлення і дакладнага цэлеўказання. Паводле звестак, на якія спасылаецца праект, яна можа трымацца ў паветры да 10 гадзін і несці да 50 кг карыснай нагрузкі.

Juliet уваходзіла ў афіцыйны спіс вайсковай тэхнікі, якую «БТС Глобал» мела паказаць на сумесных расійска-беларускіх вучэннях «Захад-2025». Вучэнні праходзілі 12–16 верасня 2025 года.

Паводле праекту, «БТС Глобал» атрымала інстытуцыйную падтрымку Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэту ў сувязі са сваімі эксперыментальнымі распрацоўкамі. Гэтая падтрымка мела палегчыць імпарт кампанентаў і запчастак для беспілотных сістэм.

У праекце робіцца выснова, што «БТС Глобал» удзельнічае ў распрацоўцы і вытворчасці вайсковай тэхнікі і ўваходзіць у вайскова-прамысловы комплекс Беларусі. Пра Юрыя Серых сказана, што ён таксама ўдзельнічае ў такой распрацоўцы і вытворчасці, падтрымлівае гэты комплекс і мае з яго выгаду.

Каб санкцыі набылі моц, іх павінны аднагалосна ўхваліць краіны–чальцы ЕС. Актывы фігурантаў беларускага спісу ў Еўрасаюзе замарожваюць, грамадзянам і кампаніям ЕС забаронена праводзіць з імі фінансавыя аперацыі, а асобам са спісу забаронены ўезд.

аз