Беларуская Служба

Улады адмовіліся размяшчаць у Віцебску шыльды з гістарычнымі назвамі вуліц

17.07.2019 17:02
Прапанова ўсталяваць шыльды з пералікам гістарычных назваў тычылася 14-ці цэнтральных вуліц Віцебска.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjne4kclips / Shutterstock.com

Віцебскія актывісты грамадскага аб’яднання «Альтэрнатыва» сабралі каля 1 тыс. подпісаў пад зваротам у Віцебскі гарвыканкам з прапановай размясціць у цэнтры гораду шыльды з гістарычнымі назвамі вуліц. Нядаўна атрымалі адказ. Улады пішуць, што нанясенне гістарычных назваў «можа прынесці пэўныя нязручнасці для жыхароў і гасцей горада…», піша «Наша Ніва» са спасылкай на «Віцебскую вясну».

Прапанова ўсталяваць шыльды з пералікам гістарычных назваў тычылася 14-ці цэнтральных вуліц Віцебска: Леніна, Суворава, Талстога, Камсамольскай, Рэвалюцыйнай, Кастрычніцкай, Пушкіна, Путна, камісара Крылова, Энгельса, Урыцкага, Савецкай, Кірава, Шубіна, праспекта Фрунзе, а таксама плошчы Леніна.

Ініцыятары прапановы абапіраліся на досвед іншых беларускіх гарадоў: Мінску, Гродна, Баранавіч, Пружан ды іншых. На думку актывістаў, усталяванне шыльдаў са спрадвечнымі назвамі вуліц дапаможа захаваць Віцебску сваё гістарычнае аблічча і падкрэсліць сваё мінулае ды прывабіць турыстаў.

«Гораду Віцебску ў гэтым годзе спаўняецца 1045 гадоў, падчас якіх гарадскія вуліцы неаднаразова змянялі свае назвы. Нанясенне ўсіх гістарычных назваў вуліц на аншлагі не будзе садзейнічаць падтрыманню адзінай канцэпцыі афармлення гістарычнай часткі гораду, зможа прынесці пэўныя нязручнасці для жыхароў і гасцей горада», – піша ў адказе актывістам «Альтэрнатывы» намеснік старшыні Віцебскага гарвыканкаму Віктар Глушын.

Якія нязручнасці гэта можа прынесці, віцяблянам і гасцям гораду, чыноўнік не ўдакладняе, затое спасылаецца на тое, што выраб і ўстаноўка аншлагаў пацягне за сабой значныя фінансавыя выдаткі.

вс

здымак мае ілюстрацыйны характар