Беларуская Служба

У Мінску прайшоў фестываль песняў Анны Герман

21.10.2019 13:47
Пераможцы паедуць з выступамі і канцэртамі ў Польшчу.
-
Гала-канцэрт Фэстывалю песняў Анны Герман у МінскуAmbasada Polski w Mińsku/minsk.msz.gov.pl/

Блізу 20 выканаўцаў з усёй Беларусі, госці з Польшчы ўзялі ўдзел ва ўрачыстым гала-канцэрце VIII Фестывалю песняў Анны Герман. Вялікі зал Беларускай дзяржаўнай філармоніі была запоўнена аматарамі творчасці Анны Герман.

Намеснік амбасадара Польшчы Марцін Вайцехоўскі звярнуў увагу на тое, што за апошнія гады фестываль развіўся ў заўважальную падзею культурнага жыцця ў Беларусі.

Гэта выдатная нагода для папулярызацыі Польшчы, інтэгравання палякаў у Беларусі. Тут у краіне шмат фанаў творчасці Анны Герман. Штогод у іх ёсць магчымасць паслухаць ейныя песні ў выдатным выкананні ды аранжыроўках.

Пераможцам фестывалю стала Валерыя Зязюльчык з Мінска. У размове з Польскім радыё выканаўца распавяла, што даўно цікавіцца песнямі Анны Герман.

Я вельмі люблю творчасць Анны Герман, я ўпершыню брала ўдзел у гэтым фестывалі. Я атрымала гран-пры, гэта надзвычайная ўзнагарода для мяне.

На фестывалі выступілі як прафесійныя музыкі, так і выканаўцы-аматары. Найлепшыя сярод іх паедуць у Польшчу з канцэртамі.

Імпрэзу арганізавалі Амбасада Польшчы ў Беларусі ды «Клуб аматараў польскай і беларускай культуры» у Мінску.

ПР/юл