Беларуская Служба

Лукашысцкі рэжым працягвае апаганьванне магіл польскіх вайскоўцаў

08.07.2022 15:56
У Ваўкавыску знеслі надмагілле вайскоўцаў Арміі Краёвай.
Так цяпер выглядае месца пахавання ў Ваўкавыскуфота: Марэк Занеўскі

Стала вядомае чарговае знішчанае месца пахавання польскіх жаўнераў. У Ваўкавыску знеслі надмагілле вайскоўцаў Арміі Краёвай, паведаміў у Facebook намеснік старшыні Саюзу палякаў Беларусі Марэк Занеўскі.

- Яшчэ адно польскае месца памяці ў Беларусі разбурана! Знішчана пахаванне салдат Арміі Краёвай у Ваўкавыску, – напісаў Занеўскі.

Падобныя выпадкі ў Гродзенскай вобласці ў апошні час пачасціліся. Нагадаем, толькі сёння раніцай СМІ паведамілі аб разбурэнні месца пахавання партызан польскай Арміі Краёвай ля вёскі Качычы Карэліцкага раёну.

А раней паведамлялася, што магілы салдат Арміі Краёвай зраўнялі з зямлёй у вёсцы Мікулішкі ў Гродзенскай вобласці.

Польшча асуджае акты вандалізму на месцах пахаванняў польскіх жаўнераў Арміі Краёвай у Беларусі. «Польшча рашуча асуджае любыя акты вандалізму ў дачыненні да месцаў пахаванняў. У Польшчы ахоўваецца больш за 1,2 мільёна магіл чырвонаармейцаў. На жаль, Беларусь не дзейнічае па такіх жа стандартах. Замест гэтага агідна хлусіць, каб схаваць праўду», – напісана ў заяве Міністэрства замежных спраў у Twitter.

МЗС таксама апублікавала ў Twitter – з увагай, што гэта дэзынфармацыя – фотаздымкі звестак беларускіх дзяржаўных установаў у сацсетках, якія сцвярджаюць, што «у ваколіцах Мікулішак няма ваенных магіл і пахаванняў замежных вайскоўцаў».

нг