Беларуская Служба

У Гродне знік памятны знак паўстанцам 1863 года

20.07.2023 14:30
Верагодна, руку да гэтай замены магла прыкласці сумнавядомая Вольга Бондарава.
  ,  ,      .
Злева — знак, які быў, справа — цяперашняя шыльда замест яго. Фота: 11.27

У Гродне знік памятны знак паўстанцам 1863 года, пастаўлены на чыгуначным вакзале. Замест яго вісіць шыльда ў гонар савецкіх чыгуначнікаў-падпольшчыкаў, піша гродзенскі тэлеграм-канал 11.27, якога цытуе «Наша Ніва».

У 1863 годзе паўстанцы мелі вялікія спадзяванні на чыгунку. Яе хацелі выкарыстаць для хуткага перакідвання атрадаў. Чыгуначнікі выступілі на баку паўстанцаў. Самі яны былі французскімі падданымі, але многія былі ўдзельнікамі паўстання 1830–1831 гг. або іх дзецьмі.

Увечары 14 сакавіка каля вакзала сабралася сотня гродзенцаў, якія хацелі далучыцца да паўстання. Яны спрабавалі захапіць цягнік і з'ехаць у Парэчча, а потым агульнымі сіламі захапіць Гродна. Але ў мітусні са станцыі рушыў толькі лакаматыў. Дзясяткі ўзброеных гродзенцаў засталіся ў вагонах, якія былі адчэпленыя і нікуды не паехалі.

Пасля няўдалага ўгону цягніка арыштавалі 73 чалавекі. 17 верасня Міхаіл Мураўёў падпісаў канфірмацыю, згодна з якой 25 гродзенцаў за інцыдэнт 14 сакавіка выслалі ў Сібір.

Да Парэчча дабралося ўсяго 7-8 чалавек на чале з кіраўніком станцыі Гродна Кульчыцкім. Той паспеў з сабою прыхапіць 10 000 рублёў з касы чыгункі.

Паводле гродзенскага тэлеграм-канала 11.27, які спасылаецца на чытачоў, руку да гэтай замены магла прыкласці сумнавядомая Вольга Бондарава.

аз