Літва ўсталёўвае спецыяльныя інфармацыйныя дошкі на памежных пераходах з Беларуссю. Яны маюць на мэце нагадаць, што паездка ў гэтую краіну можа падвергнуць літоўцаў небяспецы і спробе завербаваць іх беларускімі спецслужбамі. Літоўцы падарожнічаюць у Беларусь не толькі дзеля бізнесу, многія з іх маюць там сем’і. Тэму працягвае карэспандэнт Польскага радыё Каміль Залеўскі:
- Міністэрства замежных спраў Літвы ўжо шмат месяцаў рэкамендуе сваім грамадзянам не ездзіць у Беларусь. Намеснік кіраўніка міністэрства Мантас Адаменас падчас прэзентацыі дошак на літоўска-беларускім памежным пераходзе ў Медынінках пад Вільняй заявіў, што беларускія службы могуць незаконна затрымліваць у тым ліку літоўцаў. «Поўная адсутнасць вяршэнства права не дазваляе ні справядлівага суду, ні правасуддзя», – сказаў ён. Намеснік міністра дадаў, што грамадзян Літвы, якія едуць у Беларусь, часта дапытваюць на памежных пераходах. Яны падвяргаюцца шантажу і псіхалагічнаму ціску і вымушаныя супрацоўнічаць. У іх таксама канфіскуюць мабільныя тэлефоны і іншыя прылады, а знойдзеную там інфармацыю могуць выкарыстоўваць, у тым ліку, супраць членаў іх сям'і. Кіраўнік Дзяржаўнай памежнай службы Літвы Рустамас Любаевас паведаміў, што ў сярэднім штомесяц у Беларусь прыязджае больш за 50 тысяч літоўцаў. Некаторых з іх спрабавалі завербаваць беларускія службы. Улады Літвы нагадваюць, што рэжым у Мінску вядзе агрэсіўную палітыку ў адносінах да суседзяў, што спрыяе дэстабілізацыі сітуацыі з бяспекай у рэгіёне.
Літоўцы і латышы з мінулага года могуць ездзіць у Беларусь без візы. Сёлета ўлады ў Мінску адмянілі візавы абавязак і для палякаў. Аднак з-за росту напружанасці, ваенных падзей у рэгіёне, а таксама неаднаразовых выпадкаў арыштаў польскіх грамадзян польскае МЗС рэкамендуе палякам адмовіцца ад любых паездак у Беларусь.
IAR/аз