Беларуская Служба

За два гады беларуская сельская гаспадарка страціла 16 тыс. працаўнікоў

20.11.2023 09:03
Сярэдні ўзрост сельскагаспадарчага работніка – 43,1 гады, больш за 60% працаўнікоў – мужчыны.
  -
Сельская гаспадарка - ілюстрацыйны здымакpixabay.com/CCO

За два гады колькасць працаўнікоў у сельскай гаспадарцы скарацілася на 6%. Гэта стала вядома з агляду, які падрыхтаваў Белстат да Дня работніка сельскай гаспадаркі і харчовай прамысловасці.

Паводле звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэту, летась у сельскагаспадарчым сектары працавалі 251 тыс. 300 чалавек (7% усіх занятых у беларускай эканоміцы). У 2021 годзе было 259 тыс. 400 чалавек, а ў 2020 годзе – 267 тыс. 400 працаўнікоў. Такім чынам, за два гады лічба чалавек, занятых у сельскай гаспадаркі, скарацілася на 16 тыс., або на 6%.

Сярэдні ўзрост сельскагаспадарчага работніка – 43,1 гады, больш за 60% працаўнікоў – мужчыны. Белстат падлічыў, што ў студзені–верасні сёлета сярэдні налічаны заробак у гэтай галіне вырас на 23,8% год да года і склаў 1 тыс. 453 рублі.

Леташні адсотак сельскай гаспадаркі ў ВУП склаў 7,2% (плюс 1,6% у параўнанні з 2021 годам). Пры гэтым доля сельскагаспадарчых арганізацый у аб’ёме вытворчасці скарацілася на 1,2%, а доля асабістых і фермерскіх – павялічылася (на 0,7% і на 0,5% адпаведна).

У харчовай прамысловасці, паводле леташніх звестак, працавалі 152 тыс. 500 чалавек. Сярэдні заробак тут большы, чым у сельскай гаспадарцы – 1 тыс. 871 рубель. У студзені–верасні сёлета паказчык вырас на 18,7% год да года.

Летась доля харчовай прамысловасці ў агульным аб’ёме прамысловай вытворчасці вырасла да 26% (плюс 3% у параўнанні з 2021 годам) – да 6,2% ВУП, паведамляе «Белсат».

вс