Беларуская Служба

У пракуратуры распавялі, чаму лагатып брэнда адзення Boy London быў прызнаны «экстрэмісцкім»

01.04.2025 13:24
Суд Цэнтральнага раёна Гомеля 28 лютага прызнаў «экстрэмісцкім матэрыялам» выяву лагатыпа гандлёвай маркі Boy London. Праз месяц пракуратура Гомельскай вобласці патлумачыла, навошта гэта зрабілі.
   Boy London
Цішотка з лагатыпам Boy London Фото: walmart.com

Выява чорнага арла з распасцёртымі крыламі, які трымае ў лапах круг у выглядзе літары «О», з надпісам скарочанай назвы гандлёвай маркі Воу London прызналі «экстрэмісцкім матэрыялам» па заяве абласной пракуратуры, з продажу прыбраныя тавары з дадзеным лагатыпам.

Адзначаецца, што брэнд створаны і зарэгістраваны ў Вялікабрытаніі ў 1976 годзе анархістам Стэфанам Рэйнарам, а лагатып мае падабенства з выявай «партыйнага арла» Нацыянал-сацыялістычнай рабочай партыі Германіі, які ўнесены ў пералік нацысцкай сімволікі і атрыбутыкі. У адрозненне ад арыгінала, арол гандлёвай маркі трымае ў лапах круг у выглядзе літары «О» скарочанай назвы брэнда, а не свастыку.

У пракуратуры лічаць, што, «нягледзячы на ​​адмаўленне кіраўніцтвам гандлёвай маркі падабенства лагатыпа з гербам фашысцкай Германіі, выява брэнда на пастаяннай аснове падвяргаецца крытыцы з боку асобных нацыянальных груп і слаёў насельніцтва, тым самым спрыяе ўзнікненню канфліктаў на расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай глебе», у тым ліку ў сетцы Інтэрнэт.

«Знаходжанне ў свабодным абароце прадукцыі дадзенай гандлёвай маркі нівеліравала ў насельніцтва, у першую чаргу ў падрастаючага пакалення, нецярпімасць да нацызму. Гэта спрыяла скажэнню гістарычнай памяці, паколькі ўхвалялася выкарыстанне ў паўсядзённым жыцці, у тым ліку праз схаванае брэндаванне, сімволікі і атрыбутыкі арганізацый і іншых структур, якія ўчынілі злачынствы супраць міру і бяспекі чалавецтва, ваенныя і іншыя злачынствы, устаноўленыя прыгаворам Міжнароднага ваеннага трыбунала», — распавялі ў пракуратуры.

Гомельская абласная камісія па правядзенні ацэнкі сімволікі, атрыбутыкі, інфармацыйнай прадукцыі пагадзілася з тым, што ў выяве гандлёвай маркі замежнага вытворцы адзення «ўглядаюцца прыкметы праявы экстрэмізму».

Рашэнне суда ўступіла ў законную сілу, а футболкі і спартыўныя касцюмы Воу London прыбралі з маркетплэйсу OZON па прадпісанні пракуратуры Гомельскай вобласці.

Люстэрка/ав