Ураджэнец Беларусі Павел Глухаў быў расстраляны за адмову ісці ў «мясны штурм» у складзе расійскіх войскаў, верагодна, у Данецкай вобласці Украіны, паведамілі «Радыё Свабода» ва ўкраінскім праекце «Хачу жыць».
Паводле інфармацыі праекта, Павел Глухаў нарадзіўся 8 чэрвеня 1985 года ў Беларусі, у вёсцы Звязда (такі населены пункт ёсць адразу ў некалькіх раёнах Беларусі. — РС). Ён падпісаў кантракт на службу ў вайсковай частцы 95378 палка 1437, асобныя падраздзяленні якога камплектуюць з завербаванных зняволеных у расійскіх турмах і калоніях.
Паводле звестак украінскага праекта, да вербавання Павел Глухаў адбываў пакаранне за забойства ў папраўчай калоніі № 7 ва Удмуртыі: яго асудзілі паводле ч. 1 артыкула 105 Крымінальнага кодэкса Расіі. Дакладна невядома, якое грамадзянства ён меў на момант падпісання кантракту.
Полк 1437 расійскай арміі вядомы тым, што яго вайскоўцаў выкарыстоўваюць у так званых «мясных штурмах» для прарыву ўкраінскіх пазіцый. Часта яны не маюць адпаведнага вайсковага рыштунку і ідуць у бой непадрыхтаванымі, а калі спрабуюць адступіць на ранейшыя пазіцыі, іх расстрэльваюць свае ж вайскоўцы.
Расійскія вайскоўцы, якім удалося выжыць і трапіць ва ўкраінскі палон, расказвалі пра жорсткае абыходжанне ў гэтым палку з тымі, хто адмаўляўся ісці ў штурмы.
Ёсць некалькі выпадкаў, калі такіх вайскоўцаў кідалі «ў яму». Пра такія штурмы раней расказвалі два беларусы — Сяргей Шустаў, які трапіў ва ўкраінскі палон пад Тарэцкам у Данецкай вобласці, і Андрэй Лапатнёў.
Бацькі вайскоўцаў гэтага падраздзялення расійскай арміі неаднаразова звярталіся да прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна, каб ён звярнуў увагу на сітуацыю ў гэтым палку і «прыняў меры».
У прыватнасці, маці аднаго з такіх вайскоўцаў — Надзея Пятроўна Лебедзева — нават стварылі адпаведную петыцыю, але яна сабрала няшмат подпісаў.
«Сітуацыя ў тым, што ў гэтай частцы салдат адпраўлялі на смерць, на «мяса», як сляпых кацянят. У выніку баёў на пакроўскім кірунку, верагодна каля Пятроўкі і Вішнёўкі, з 10 лістапада да пачатку снежня 2024 года без агнявой падтрымкі і належнага забеспячэння, без артылерыі і г.д. загінулі практычна ўсе вайскоўцы, а менавіта 1 і 2 рота. Засталося жывымі каля 20 з 400 чалавек, у тым ліку і мой сын. Паводле слоў сына, паколькі на кіруючы склад завялі крымінальныя справы, сведкаў, якія засталіся, планавалі «абнуліць» (расстраляць. — РС), і яны вымушаныя былі хавацца ў бяспечных месцах», — адзначаецца ў звароце да Пуціна.
вх