Польскае падполле і жыхары горад хацелі вызваліцца з-пад нямецкай акупацыі. Замест планаваных двух-трох дзён змаганне доўжылася два месяцы. Паўстанцы прайгралі, Польшча заплаціла вялікую цану за той збройны чын. Сучаснікі кажуць, што варта было гэта зрабіць і ўшаноўваюць памяць герояў паўстання.
1 жніўня 1944 года камандаванне Арміі Краёвай абвясціла пра пачатак акцыі «Бура». Гэта была аперацыя па вызваленню польскай сталіцы ад гітлераўскіх акупантаў. Варшаўская паўстанне стала найбольш маштабным вызваленчым збройным чынам у акупаванай нацыстамі Еўропе.
Сёння з раніцы ў Варшаве ды па ўсёй Польшчы праходзяць памятныя ўрачыстасці, прысвечаныя 75 гадавіне пачатку Варшаўскага паўстання. Так у сталічным парку імя генерала Орліч-Дрэшэра сабраліся жыхары мікрараёну Макотаў. Яны ўшанавалі памяць паўстанцаў, усклаўшы кветкі пад помнікам «Макотаў у змаганні 1944». Прысутны ветэран паўстанец і жаўнер Арміі Краёвай Юльян Кульскі зазначыў, што Варшаўскае паўстанне мела вельмі важнае значэнне.
- Цана была жудасная – згінулі дзвесце тысяч чалавек. Цэлы горад быў знішчаны, цудоўны горад. Але, калі я бачу цяпер, наколькі выдатная Польшча, як яна інтэнсіўна развіваецца, стала адной з найлепшых краін у Еўропе, і працягвае патрыятычную традыцыю, я лічу, што паўстанне было вельмі важным.
Да святкавання далучыўся польскі ўрад. Прэм'ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі заявіў, што паўстанцы змагаліся ня толькі за свабоду сталіцы, але і ўсяе Польшчы. Прэм’ер усклаў кветкі да помніка звона, пастаўленага ў гонар камандуючага паўстання генерала Антонія Хрусьцеля на мянушку «Манцёр».
- Варшаўскія паўстанцы змагаліся за лепшую Польшчу, за тое, каб Польшча была, магла існаваць. Яны змагаліся за лепшы свет. Таму свет павінен памятаць да канца дзён пра варшаўскіх паўстанцаў, пра той вялікі зрух. Памятаючы пра тое змаганне, пра тыя ўчынкі мы будуем нашу будучыню, будучыню Польшчы.
У сваю чаргу польскі Сенат пачаў сваё паседжанне ад хвіліны цішыні ў памяць аб удзельніках паўстання. З урачыстай прамовай выступіў Маршалак Сенату Станіслаў Карчэўскі.
- Сёння 75 гадавіна пачатку Варшаўскага паўстання. Ушануйма ўсіх герояў, жаўнераў, якія змагаліся на барыкадах, і жыхароў Варшавы, таксама тым, хто страціў жыццё ў барацьбе за вызваленне сталіцы. Вялікая просьба ўстаць ды ўшанаваць хвілінай цішыні памяць ахвяр Варшаўскага паўстання.
Словы памяці і пашаны прагучалі таксама ад амерыканскіх жаўнераў, якія нясуць цяпер службу на тэрыторыі Польшчы. У фільме, які выклала Амбасада ЗША на Twitter-ы, амерыканскія вайскоўцы кажуць словы, якія характарызуюць паўстанцаў.
Амерыканская амбасадарка Джоржэт Мосбашэр напісала, што ў ЗША памятаюць пра герояў Варшаўскага паўстання, і лічаць, што яны займаюць важнае месца ў гісторыі.
Пра тое, што памяць пра паўстанне ў Польшчы жыва можна ўбачыць па вулічных акцыях. За апошнія 15 год вырасла колькасць людзей, якія спыняюцца на хвіліну а 17 гадзіне 1-га жніўня, каб ушанаваць памяць паўстанцаў. Гэта стала традыцыяй у Варшаве. Дырэктар музею Варшаўскага паўстання Ян Алдакоўскі заклікае жыхароў ды гасцей гораду далучыцца сёлета да гэтай акцыі.
- Мы запрашаем усіх далучыцца да ўшанавання гадзіны пачатку паўстання. Гэта вельмі проста, дастаткова зрэагаваць на гук сірэны і спыніцца на хвіліну. Затрымаць ровар, машыну ці самакат.
Ян Алдакоўскі выступіў таксама сёння з ініцыятывай, каб штогод гадавіна Варшаўскага паўстання адзначалася ва ўсё краіне, а ня толькі ў сталіцы. Паўстанцы змагаліся за вызваленне ўсяе Польшчы, а ня толькі Варшавы.
Юры Ліхтаровіч