Opel з 1998 года вырабляе ў Глівіцах мадэль Astra. Аднак у 2021 г. вытворчасць павінна быць пераведзена ў Нямеччыну. Ужо два гады вытворчасць аўтамабіляў у Глівіцах скарачаецца, і скарачаюцца працоўныя месцы. Частка работнікаў пераязджае на заводы ў Нямеччыну, частка на аўтазавод у Тыхах, а іншыя губляюць працу, паколькі ў іх заканчваюцца тэрміновыя кантракты.
Сітуацыю мясцовага рынку працы выратуе новы план уладальніка Opel – французскага канцэрну PSA. У пачатку траўня канцэрн PSA заявіў, што хоча запусціць у Глівіцах вытворчасць буйных малатанажных грузавых аўтамабіляў. З 2021 г. плануе выпускаць 100 тысяч грузавікоў штогод. Дзеля гэтага неабходна прыстасаваць завод да вытворчасці іншага віду машын.
Такім чынам аўтамабільны завод у Глівіцах будзе працаваць яшчэ як мінімум 10 гадоў і забяспечыць прынамсі 300 новых працоўных месцаў.
Гэтыя планы радуюць улады Польшчы. Прэм’ер-міністр Матэвуш Маравецкі, які наведаў аўтамабільны завод у Глівіцах, зазначыў, што ўрад падтрымлівае ўсе ініцыятывы, якія прычыняюцца да росту прамысловасці ў краіне.
- Урад Польшчы выдзеліў грант на ажыццяўленне запуску новага заводу грузавікоў. Мы ўпэўнены, што прыцягненне замежных інвестараў, а таксам стварэнне добрых умоваў для польскіх інвестараў з’яўляецца самым лепшым спосабам росту заможнасці польскага грамадства. Ствараюцца новыя добра платныя працоўныя месцы і мы гэтаму рады.
У гэтым годзе скончыцца вытворчасць яшчэ аднаго аўтамабіля: спартыўнага кабрыялета Cascada, які вырабляецца толькі ў Глівіцах. З Польшчы гэты аўтамабіль быў таксама экспартаваны ў ЗША, дзе ён прадаваўся як Buick Cascada. Аднак у ЗША продаж гэтага аўтамабіля, адзінага, які экспартуецца з Польшчы ў ЗША, спыняецца.
яс