Беларуская Служба

Палякам яшчэ далёка да калектыўнага імунітэта

20.08.2021 07:31
Пакуль у Польшчы прышчэпленыя менш за 50% жыхароў.
   .
Тэст на наяўнасць каранавіруса.Photo:fernandozhiminaicela/pixabay.com/CC0 Public Domain

Цягам апошніх дзён у Польшчы фіксуецца каля 200 новых выпадкаў каранавіруснай інфекцыі. Прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя паведамілі, што ў краіне зараз набірае моц чацвёртая хваля эпідэміі каранавіруса.

Дагэтуль поўны цыкл вакцынацыі ў Польшчы прайшлі больш за 18 мільёнаў 250 тысяч палякаў. Пульманолаг з Лодзінскага медыцынскага ўніверсітэту прафесар Адам Антчак(Adam Antczak) кажа, што польскае насельніцтва яшчэ не ахопленае калектыўным імунітэтам:

- Дзеля таго, каб мы былі ахопленыя калектыўным імунітэтам, поўны цыкл вакцынацыі павінны прайсці яшчэ 10 мільёнаў чалавек. Гэта азначае, што нам, як папуляцыі, яшчэ далёка да эпідэмічнай бяспекі. Усё ж я спадзяюся, што колькасць прышчэпленых спрычыніцца да таго, што падчас чацвёртай хвалі заражэнняў будзе меней, чым раней. Аднак трэба памятаць, што не прышчэпленыя не могуць адчуваць сябе бяспечнымі. Зараз адзіным спосабам абароны ад каранавіруса з’яўляецца вакцынацыя, якая ў Польшчы бясплатная і агульнадаступная.

Нагадваем, паводле экспертаў, грамадства зможа самастойна перамагчы эпідэмію, калі 50 -70% жыхароў будзе ўстойлівых да захворвання. Гаворка ідзе пра асобы, якія перахварэлі COVID-19 або былі вакцынаваныя супраць віруса. Пакуль у Польшчы прышчэпленыя менш за 50% грамадзян.

IAR/аз

Больш на гэтую тэму: Навука і тэхніка