Варшаўскі адрас Новы свет, 32 павінны занатаваць усе беларускія прадпрымальнікі, бо тут цяпер працуе Беларускі бізнесовы цэнтр. На гэтай пляцоўцы можна атрымаць кансультацыі па вядзенні спраў у Польшчы ад юрыстаў і экспертаў па бізнесу, атрымаць інфармацыю аб магчымых партнёрах і нават папрацаваць у каворкінгу.
Да стварэння бізнес-цэнтру спрычыніліся Саюз прадпрымальнікаў і працадаўцаў Польшчы (ZPP), USAID і беларускія бізнес-супольнасці ў Польшчы.
Віцэ-прэзідэнт ZPP Марцін Навацкі сказаў, што беларускія бізнесмены падчас працы ў Польшчы могуць атрымаць вопыт міжнароднага прадпрымальніцтва, які ім потым спатрэбіцца і ў Беларусі.
Паводле інфармацыі Беларускага бізнес-цэнтру, зараз у Польшчы працуе больш за чатыры тысячы беларускіх кампаніяў і іх колькасць расце. Яны прадстаўлены ў будаўнічых і лагістычных паслугах, гандлі і IT-сферы. Аляксандр Кныровіч ў свой час быў вядомым у Беларусі бізнесменам і бізнес-ангелам, і ён ухваляе адкрыццё бізнес-цэнтру ў Варшаве:
- Выключна станоўча адношуся да гэтай падзеі, бо наяўнасць пляцоўкі, дзе можна «прызямліцца», атрымаць падтрымку для рэалізацыі сваіх ідэй, папрацаваць у каворкінгу – гэта тое, што патрэбна зараз беларускім прадпрымальнікам, што апынуліся ў Польшчы. І добра, што і ZPP, і іншыя структуры гэта падтрымліваюць.
Казімір Шчадковіч, Беларуская служба Польскага радыё.