Саюз прадпымальнікаў і працадаўцаў Польшчы (ZPP) гасцінна прымае беларускіх калег у Варшаве. Адчынены для наведвальнікаў бізнес-цэнтр на вуліцы Новы свет, 32 мае сваю перадгісторыю.
Пачаўшы працаваць у 2010 годзе, ZPP дзеўнічаў вельмі актыўна. Гэта яшчэ маладая супольнасць прадпрымальнікаў – ці не самая вялікая ў Польшчы. Адпачатку рабілі акцэнт на лабіраванне і прасоўванне ва урадзе Польшчы заканапраектаў па падрымцы прадпрымальніцтва. Затым вырашылі прадстаўляць інтарэсы польскага бізнесу на Еўраўзроўні. І пяць гадоў таму адчынілі ў Брусэлі свой офіс. Тая праца была зроблена з удзелам адной бельгійскай кампаніі і некалькіх беларускіх, якія працавалі ў Польшчы даўно.
Расказвае віцэ-прэзідэнт Саюза прадпрымальнікаў і працадаўцаў Польшчы Марцін Навацкі:
- У мяне ёсць і прыватныя сувязі з Беларуссю, я ў апошнія гады шмат падарожнічаў там. І ў 2020 годзе зразумеў, што мы павінны адыграць экстраардынарную ролю для падтрымкі беларусаў тут, у Варшаве. Сёння ў размове з прадстаўнікамі польскага Агенцтва па гандлі і інвеставанні ўспаміналі нашы першыя кейсы рэлакацыі беларусаў. Тады мы думалі, што гэта на кароткі час. У 2020 годзе наша бізнес-асяроддзе выглядала па-іншаму, тут было шмат буйных расейскіх кампаній. Цяпер жа наш ключавы акцэнт - прыцягваць малы і сярэдні бізнес, які знаходзіцца ў Беларусі, каб яны маглі весці бізнес тут.
Вялікую цікавасць да супольнага беларуска-польскага праекту падтрымкі беларускіх прадпрымальнікаў ў Польшчы праяўляе амерыканская агенцыя USAID і міжнародная сетка падтрымкі прадпрымальнікаў «PYXERA Global». Яны выступілі аднымі з фундатараў стварэння Беларускага бізнес-цэнтру ў Варшаве. І вось чаму.
Як падкрэсліла Джэна Цёчман, дырэктарка ЮСЭЙД Беларусь, бізнес добра развіваўся і ў Беларусі, але Лукашэнка зрабіў так, што гэта развіццё амаль спынілася. Таму было вырашана працягваць падтрымліваць беларускіх прадпрымальнікаў і па-за межамі Беларусі.
Беларускі бізнес-цэнтр у Варшаве прапануе прадпрымальнікам бясплатна кансультацыі па ўсіх патрэбах для пачатку і вядзення бізнесу ў Польшчы, дапамагае знаходзіць партнёраў і прапануе на першыя 6 тыдняў бясплатныя працоўныя месцы ў добра абсталяваным каворкінгу прадстаўнікам кампаній, якія зарэгістраваны беларусамі ў Польшчы альбо ў Беларусі.
Так, некаторыя бізнесы працуюць і там, і тут. Расказвае Аляксандр Данільчук, каардынатар Беларускага бізнес-цэнтру у Варшаве:
- Было б не справядліва казаць кампаніям, якія шмат гадоў і шмат высілкаў патрацілі на развіцё свайго бізнесу ў Беларусі, маўляў, “Вы там усё абавязкова кідайце і толькі пасля гэтага працуйце ў Польшчы”. Такой умовы няма, і, спадзяюся, не будзе.
Віцэ-прэзідэнт Марцін Навацкі мае такое бачанне: беларускія прадпрымальнікі будуць мець патрэбу ў падтрымцы польскіх калег толькі пэўны час, а потым змогуць і самі падтрымліваць адзін аднаго. І гэта нармальна. Пры гэтым беларускія прадпрымальнікі, сказаў Навацкі, могуць разлічваць на падтрымку нават калі захочуць вярнуцца дадому, як толькі там палепшае сітуацыя. Але некаторыя беларускія бізнесы застануцца ў Польшчы, стаўшы па-сапраўднаму міжнароднымі кампаніямі з адпаведным досведам.
Пакуль жа Польшча гасцінна і дружалюбна прымае прадпрымальнікаў, якія не па сваёй волі вымушаны былі пакінуць Беларусь, а некаторыя паспелі сутыкнуцца і з рэальнасцю вайны ва Украіне. Сустваральніца Беларускай супольнасці бізнесменаў Наталля Красько спачатку была ўладкаваўшыся ў Кіеве, але прыйшлося мяняць планы. Вось што расказала Наталля Красько:
- Мы планавалі адкрыць Беларускую супольнасць бізнесоўцаў у Кіеве. Адкрыццё было запланавана на 24 лютага. І вось гэты дзень настаў. І раптам мне ўсе сталі тэлефанаваць, расказваць пра тое, што адбываецца. Я вырашыла не адкладваць, запрошана ж 45 чалавек, шарыкі, як кажуць, куплены, заля упрыгожана… Цяпер я тут. А хтосьці застаўся там і працягвае працаваць ва Украіне, хоць гэта і цяжка. Увогуле ўжо 150 чалавек мы аб'ядналі, ёсць нашы філіялы ў Кіеве, Вільнюсе, Варшаве. Трэба трымацца разам.
Паводле інфармацыі Беларускага бізнес-цэнтру, зараз ў Польшчы працуе больш за чатыры тысячы беларускіх кампаніяў і іх колькасць расце. Будаўнічыя, лагістычныя, гадлёвыя, айцішныя. Але пакуль гісторый поспехаў беларускіх прадпрымальнікаў ў Польшчы не багата, расказвае вядомы беларускі бізнес-блогер і прадпрымальнік Аляксандр Кныровіч.
- Я пакуль не ведаю такіх вот прама свежых кейсаў поспеху. Ёсць людзі, якія працуют тут восем і нават дзесяць гадоў, у іх ёсць поспех і дасягненні. А ёсць і тыя, хто прыехаў год таму, як, напрыклад, я. Што такое год? Гэта яшчэ мізерны вопыт, яшчэ шмат пытанняў, мы яшчэ на пачатку шляху. Але людзей увогуле нашых шмат, у многіх харошы здаровы энтузіязм. Канешне, адна справа весці бізнес ў Беларусі, і зусім іншая ў Польшчы. Ну і яшчэ кейсы айцішнікаў, якім увогуле няма саблівай розніцы, у якой краіне жыць і працаваць. Яны і першапачаткова працавалі па ўсім свеце. Але аптымізму сапраўды шмат.
На шляху да поспеху важны момант - адчуваць сябе патрэбным. І здаецца, беларускія бізнесмены маюць спрыяльныя умовы для таго, какб знайсці сябе ў Польшчы, як некалі знайшлі ў Беларусі.
Казімір Шчадковіч, Беларуская служба Польскага радыё.