У гэтую суботу, 22 ліпеня, з Варшавы ў Кодзень вырушыла пілігрымка беларусаў, якія жывуць у Польшчы. Яе другі раз ладзіць беларускае каталіцкае душпастырства, якое дзейнічае ў Варшаве ўжо два гады. Дэвіз сёлетняй пілігрымкі: «З Богам у Беларусь».
- Мы накіроўваемся да Беларусі ў геаграфічным вымярэнні, але таксама і ў духоўным. Пілігрымуем у санктуарый Маці Божай Кодзенскай, Каралевы Падляшша, які знаходзіцца на рацэ Буг, на мяжы з Беларуссю. У духоўным сэнсе, дзякуючы малітве і разважанню над Евангеллем, мы хочам будаваць нашу Радзіму на фундаменце Божага слова, праўды і справядлівасці, – кажа душпастыр беларусаў у Варшаве ксёндз Вячаслаў Барок, які вядзе пілігрымку.
Сёлета запісалася 40 чалавек, што ўдвая больш, чым летась, калі пілігрымка была арганізавана ўпершыню. Удзел у ёй прымаюць беларусы з усёй Польшчы. У дарозе іх чакае каля 210 км.
Пілігрымы будуць слухаць разважанні над словам Божым, падрыхтаваныя святаром, але таксама і вернікамі. Кс. Вячаслаў Барок таксама падрыхтаваў цыкл катэхез, прысвечаных каталіцкаму сацыяльнаму навучанню Касцёла. Адбудуцца таксама штодзённыя малітвы да Маці Божай Будслаўскай, Апякункі Беларусі; таксама плануецца два разы на дзень праводзіць гадзіну маўчання.
У санктуарый Маці Божай Кодзенскай, Каралевы Падляшша, пілігрымы прыйдуць у пятніцу 28 ліпеня. На наступны дзень яны наведаюць санктуарый падляшскіх уніятаў у Кастамлотах.
Душпастырства для беларусаў-католікаў у Варшаве было створана ў верасні 2021 г. пры касцёле св. Аляксандра на пл. Тры крыжы. Імшы на беларускай мове адбываюцца па нядзелях і святах у дольным касцёле ў 11.30 і 18.00. Дадатковая інфармацыя аб душпастырстве і пілігрымцы: catholicby.pl.
ав