Танец паланэз уключаны ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва UNESCO, паведамілі ў Міністэрстве замежных спраў Польшчы. Міжурадавы камітэт па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO прыняў заяўку Польшчы падчас 18-й сесіі ў Батсване. Працэс каардынавалі Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны і Нацыянальны інстытут спадчыны. Польскую дэлегацыю на 18-й сесіі Камітэта ўзначальвае пастаянны прадстаўнік Рэспублікі Польшча пры UNESCO Марыюш Левіцкі.
Паланэз – адзін з найстарэйшых польскіх нацыянальных танцаў. Яго гісторыя бярэ пачатак са старажытнаславянскіх часоў. Ён быў вядомы ўсім слаям насельніцтва, упрыгожваў балі і пры каралеўскіх дварах, і вясковыя вяселлі, стаўшы сімвалам нацыянальнай і культурнай самабытнасці. Ён быў папулярны і ў іншых краінах Еўропы. Паланэз натхніў на творчасць многіх кампазітараў, у тым ліку Фрыдэрыка Шапэна ці Іагана Себасцьяна Баха. У цяперашні час гэта танец, які часцей за ўсё танцуюць падчас урачыстасцяў, у тым ліку на выпускных балях.
Нематэрыяльная спадчына ўключае, сярод іншага, традыцыі і вусныя гісторыі, сцэнічнае мастацтва і музычныя традыцыі, звычаі і святы, веды аб прыродзе і сусвеце, а таксама навыкі, звязаныя з традыцыйнымі рамёствамі. Тое, што перадаюцца з пакалення ў пакаленне, забяспечваючы дадзенай супольнасці пачуццё самабытнасці і пераемнасці і спрыяючы павазе да культурнай разнастайнасці і чалавечай творчасці.
Гэта шосты польскі запіс у Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва UNESCO, створаны на падставе Канвенцыі UNESCO аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны.
IAR/нг