Польскае войска паведаміла пра авіяінцыдэнт, які адбыўся над Люблінскім ваяводствам на ўсходзе Польшчы. Падчас трэніровачнага палёту ў самалёта М-346 «Белік» абарваўся абцякальнік.
Як чытаем у паведамленні, нягледзячы на выключную сітуацыю, пілот бяспечна прызямліўся на аэрадроме 41-й вучэбнай авіяцыйнай базы ў Дэмбліне.
«Вырашальнымі аказаліся здольнасць пілота хутка прымаць рашэнні, добрыя навыкі пілатавання, а таксама сабранасць і канцэнтрацыя ў крызіснай сітуацыі. Дапамогу ў крызіснай сітуацыі аказваў пілот, які ляцеў у страі і каардынаваў службы абслугоўвання паветранага руху шляхам радыёсувязі, дапамагаў візуальна праверыць пашкоджанні самалёта і вызначыў правільную канфігурацыю пры пасадцы», – піша ў заяве Польскае войска.
Абставіны здарэння высвятляе Дзяржаўная камісія па расследаванні авіякатастроф.
Палёты самалётаў М-346 прыпыненыя да высвятлення прычын здарэння.
яс