Беларуская Служба

Стартуе прэстыжны конкурс для лепшых алгарытмістаў у Польшчы

07.03.2024 07:02
Пераможцы конкурсу «Алгарытмічныя сутычкі» – гэта выдатныя ІТ-спецыялісты, якія могуць пахваліцца значнымі прафесійнымі дасягненнямі.
Стартуе прэстыжны конкурс для лепшых алгарытмістаў у Польшчыwww.facebook.com/potyczki

Калі праграмаванне, гэта вашае сапраўднае хобі? Калі вы хочаце праверыць свае веды на практыцы і выйграць каштоўныя прызы? Прыміце ўдзел у XIX-м конкурсе «Алгарытмічныя сутычкі 2024», які адбудзецца ў сакавіку.

«Алгарытмічныя сутычкі» – найстарэйшыя анлайн-спаборніцтвы па алгарытміцы і праграмаванні ў Польшчы, адрасаваныя – студэнтам, прафесіяналам і аматарам.

Конкурсныя заданні падабраныя такім чынам, каб кожны, незалежна ад ведаў і досведу, мог знайсці для сябе нешта цікавае. Аднак самым лепшым удзельнікам конкурсу трэба будзе прадэманстраваць майстэрства, роўнае пераможцам самых прэстыжных сусветных спаборніцтваў па праграмаванні.
Нагадваем, усе папярэднія пераможцы конкурсу «Алгарытмічныя сутычкі» – гэта выдатныя ІТ-спецыялісты, якія могуць пахваліцца значнымі дасягненнямі ў далейшым прафесійным жыцці.

Анлайн-рэгістрацыя на конкурс стартавала 1 сакавіка 2024 года. Удзельнікамі могуць стаць усе жадаючыя – без узроставых абмежаванняў. Сёлета ў трэці раз стартавала катэгорыя, адрасаваная тым, хто робіць першыя крокі ў конкурсах па алгарытміцы і праграмаванні.
«Алгарытмічныя сутычкі» будуць складацца з двух этапаў: дыстанцыйнага, які пройдзе 11-17 сакавіка і фінальнага, які пройдзе 24-25 траўня 2024 года ў сядзібе суарганізатара конкурсу, кампаніі Digital Technology Poland з Зялёнай Гуры.

У фінал выйдуць 20 удзельнікаў. Лепшыя гульцы атрымаюць прызы.

Падрабязная інфармацыя аб конкурсе і спасылка на рэгістрацыю даступныя на сайце і ў профілі ў сацыяльных сетках мерапрыемства.

Конкурс арганізаваны Факультэтам матэматыкі, інфарматыкі і механікі Варшаўскага ўніверсітэта, Фондам развіцця інфарматыкі і кампаніяй Digital Technology Poland з Зялёнай Гуры.

PAP/аз

Больш на гэтую тэму: Навука і тэхніка