Міністр нацыянальнай абароны Польшчы Уладзіслаў Касіняк-Камыш(Władysław Kosiniak-Kamysz) абвясціў, што сёлета Войскі тэрытарыяльнай абароны дасягнуць поўнай баяздольнасці і яшчэ ў жніўні пяройдуць пад камандаванне Генеральнага штаба. Нагадваем, зараз гэты від узброеных сіл падпарадкоўваецца непасрэдна Міністэрству нацыянальнай абароны:
- Гэта гарантыя бяспекі, гэта ўмацаванне нашай абароны і дапамога ў крызісных сітуацыях. Войскі тэрытарыяльнай абароны даказалі, што яны карысныя не толькі для мірнага насельніцтва, але таксама для ўмацавання сілы польскага войска.
Для патрэб Войскаў тэрытарыяльнай абароны ў гарадку Ліманова(Limanowa) на поўдні Польшчы будуецца спецыяльны комплекс. Новыя казармы плануецца здаць у эксплуатацыю ў пачатку наступнага года.
Комплекс будуць выкарыстоўваць жаўнеры 114-га батальёна пехацінцаў 11-й Малапольскай брыгады тэрытарыяльнай абароны. Ён будзе складацца з казарм, адміністрацыйнага будынка, гаражоў і вучэбнай базы.
Гэта адна з самых вялікіх інвестыцый. Яе кошт складае прыкладна 100 мільёнаў злотых.
IAR/аз