Беларуская Служба

9 мільёнаў палякаў пакутуюць ад атлусцення

27.06.2024 07:01
У Польшчы стартавала чарговая кампанія барацьбы з атлусценнем.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.PublicDomainPictures/pixabay.com/CC0 Public Domain

Ад 20 да 30 працэнтаў дзяцей і падлеткаў у кожным з ваяводстваў у Польшчы пакутуюць ад лішняй вагі і атлусценні. Чацвёра з пяці з іх у сталым узросце будуць змагацца з атлусценнем, перасцерагаюць прадстаўнікі Польскага таварыства лячэння атлусцення.

Нагадваем, у Польшчы стартавала акцыя «Пагаворым шчыра пра атлусценне », якая ладзіцца ўжо ў 5-ы раз.

Сёлета арганізатары надаюць асаблівую ўвагу праблеме атлусцення сярод маладых палякаў. «Пра лячэнне лішняй вагі і атлусцення ў дзяцей трэба казаць у сям’і, у школе і ў кабінеце лекара», – падкрэслівае старшыня Польскага таварыства лячэння дзіцячага атлусцення прафесар Павел Матусік(Paweł Matusik). Паводле яго, сэнс маюць любыя прафілактычныя і выхаваўчыя мерапрыемствы:

- Пытанне ў коштах, бо хто будзе плаціць за шматлікія хваробы і ўскладненні, якія ўзнікнуць у гэтых асобаў?; за каштоўнае лячэнне? Будзем плаціць мы ўсе! Паводле ўсіх эканамічных дадзеных, прафілактыка аплочваецца найбольш.

Паводле агульных ацэнак, 9 мільёнаў палякаў ужо пакутуюць ад атлусцення, якое можа выклікаць 200 розных відаў ускладненняў і хваробаў, як, напрыклад, цукровы дыябет, хваробы кровазваротнай сістэмы, а нават рак.

IAR/аз

Больш на гэтую тэму: Навука і тэхніка