Беларуская Служба

Цэнтр касмічных тэхналогій кракаўскай AGH атрымаў сучасную сядзібу

10.10.2024 07:01
Неўзабаве тут адкрыецца адмысловы трэнажор касмічных палётаў.
   AGH
Цэнтра касмічных тэхналогій AGHfacebook/Centrum Technologii Kosmicznych AGH

Горна-металургічная акадэмія (поль. AGH) у Кракаве адкрывае новую сядзібу Цэнтра касмічных тэхналогій, будаўніцтва якой каштавала больш за 40 мільёнаў злотых. Інвестыцыя фінансавана за кошт уласных сродкаў універсітэта.

У сучасным будынку на вуліцы Рэйманта таксама знаходзіцца факультэт машынабудавання і робататэхнікі. Нагадваем, Цэнтр касмічных даследаванняў працуе ў кракаўскай ВНУ з 2020 года.

У новым аб’екце ў бліжэйшыя месяцы будуць абсталяваны лабараторыі, якія паспрыяюць лепшаму разуменню Сусвету. Адной з іх стане трэнажор касмічных палётаў, інтэр'ер якога будзе нагадваць Міжнародную касмічную станцыю. Паводле ВНУ, трэнажор Горна-металургічнай акадэміі будзе першым такім месцам у краіне.

Горна-металургічная акадэмія плануе пашырыць сваю адукацыйную прапанову на факультэт касмічных тэхналогій. Праца над новым кірункам вучобы працягваецца. Не выключана, што ён будзе адкрыты з другога семестра гэтага навучальнага года. Нагадваем, у ВНУ зараз дзейнічаюць напрамкі, звязаныя з асваеннем космасу.

Новы навучальны год Горна-металургічнай акадэміі ў Кракаве на мінулым тыдні пачалі 20 тысяч студэнтаў, у тым ліку больш за 6 тысяч на першым курсе стацыянарнага навучання.

Сёлета найбольшай папулярнасцю карысталіся такія напрамкі, як: кібербяспека, інжынерыя і аналіз дадзеных, інфарматыка і рэвіталізацыя дэградаваных тэрыторый.

PAP/аз

Больш на гэтую тэму: Навука і тэхніка