Беларуская Служба

У снежні пачнецца суд над Дарыянам С., абвінавачаным у згвалтаванні і забойстве 25-гадовай беларускі Лізы

25.10.2024 12:46
Справа аб згвалтаванні і забойстве 25-гадовай грамадзянкі Беларусі Лізы ў цэнтры Варшавы перададзеная ў суд.
.
.Беларуская служба Польскага радыё/Radyjo.net

Першае судовае паседжанне, у якім Дарыян С. з'яўляецца абвінавачаным, прызначана на 4 снежня, а наступнае — на 16 снежня, паведаміў Акруговы суд у Варшаве.

Абвінаваўчае заключэнне па гэтай справе ў жніўні накіравала акруговая пракуратура Варшава-Сродмесце ў Акруговы суд у Варшаве.

«Дарыяна С. абвінавацілі ў здзяйсненні забойства пры абцяжарваючых абставінах грамадзянкі Беларусі», — паведаміў прэс-сакратар акруговай пракуратуры Варшавы Пётр Антоні Скіба.

Мужчыну пагражае пажыццёвае зняволенне.

У пракуратуры паведамілі, што прызначаныя экспертызы паказалі, што Дарыян С. быў у псіхічна здаровым стане.

Скіба дадаў, што пракуратура правярала і іншыя нявысветленыя справы падобнага характару, аднак падстаў звязваць Дарыяна С. з іншымі падобнымі справамі ў Варшаве і Польшчы няма.

Лізавета, так поўнае імя жанчыны, была знойдзена аголенай і без прытомнасці 25 лютага рана раніцай вартаўніком каля брамы будынка па вул. Журавя ў Варшаве. Жанчына была дастаўлена ў бальніцу ў цяжкім стане. Яна памерла 1 сакавіка, не прыходзячы ў прытомнасць.

Злачынцам, якога затрымалі ў дзень нападу, аказаўся 23-гадовы мужчына Дарыян С.. Падчас ператрусу ў яго кватэры міліцыя выявіла, сярод іншага: вялікі кухонны нож і балаклаву, якія выкарыстоўваліся пры здзяйсненні злачынства. Ён не толькі згвалціў жанчыну, але і абрабаваў — забраў у яе два мабільныя тэлефоны, некалькі плацежных картак і кашалёк.

Дарыян С. спачатку быў абвінавачаны ў разбоі, сексуальным злачынстве і замаху на забойства з ужываннем небяспечнай зброі.

Рашэннем суда ён арыштаваны на тры месяцы.

Пасля смерці жанчыны пракурор змяніў абвінавачанне супраць Дарыяна С. Мужчыну выставілі абвінавачанне ў забойстве на фоне сексуальнага злачынства і рабаванні.

PAP/вх