Беларуская Служба

Польскія артысты гралі для пацярпелых ад паводкі

27.10.2024 07:01
Найвялікшыя зоркі польскай музыкі ўзялі ўдзел у дабрачынным канцэрце для пацярпелых ад паводкі, які адбыўся на пляцоўцы нацыянальнага стадыёну PGE у Варшаве.
Выканаўцы падчас дабрачыннага канцэрту для пацярпелых ад паводкі «Надзея – разам для Вас!»PAP/Marcin Obara

У канцэрце «Надзея – Разам для Вас!», арганізаваным Telewizja Polska, таксама былі задзейнічаныя найбуйнейшыя дзяржаўныя і прыватныя радыёстанцыі: Polskie Radio, Radio ZET, Radio Eska і Eska 2 і RMF FM.

З аркестрам Kukla Band на сцэне выступілі такія артысты і гурты, як Lanberry, Michał Szpak, Natalia Nykiel, Kamil Bednarek, Katarzyna Cerekwicka, Grzegorz Skawiński, Małgorzata Astrowska, IRA, Sztyczny Pal Asji, Red Lips і Kobranocka.

Людзі, якія прыйшлі паслухаць жывы канцэрт, падкрэслівалі, што музыка выдатна аб’ядноўвае і мабілізуе на падтрымку тых, хто знаходзіцца ў патрэбе

- Я вельмі прыемна ўражаны, вельмі файная музыка. Беручы пад увагу маштаб знішчэнняў і страт – вельмі патрэбная ініцыятыва. Вельмі добры канцэрт, мы радуемся з дачкой, радыя, што можам удзельнічаць у такой добрай ініцыятыве. Тое, што збірае людзей разам – добрая справа.  Павінна быць больш такіх канцэртаў, бо яны яднаюць людзей пасля той трагедыі. Мы тут, каб дапамагчы, падтрымаць духам і салідарнасцю. Трэба дапамагаць, бо дабро вяртаецца ў падвойным памеры.

Канцэрт на пляцоўцы Нацыянальнага стадыёну стаў працягам кампаніі «Разам для цябе», у якой удзельнічае Польскае радыё. У рамках дадзенай кампаніі ў Канцэртнай студыі Агнешкі Асецкай быў запісаны чарговы варыянт песні «Мая і твая надзея», якую разам выканалі напрыканцы ўчорашняга канцэрту.

Усе сродкі, атрыманыя ад мерапрыемства, пойдуць на дапамогу пацярпелым ад вераснёўскай паводкі.

ПР/юл